БІ́ШАФ ((Biscoff) Тэадор Людвіг) (28.10.1807, г. Гановер, Германія — 5.12.1882),
нямецкі анатам, эмбрыёлаг і фізіёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1846). Праф. (1836). Вучыўся ў Бонскім і Гейдэльбергскім ун-тах. За 1836 працаваў у Гейдэльбергскім, Гісенскім, Мюнхенскім ун-тах. Даследаваў раннія стадыі развіцця зародка млекакормячых, увёў паняцці пра зародкавыя пласты (экта-, меза- і энтадэрму), апісаў працэс драблення яйца (1838). Выявіў у крыві жывёл кісларод і свабодную вуглекіслату, займаўся параўнальным вывучэннем мозга малпаў і чалавека. Абагульніў даныя ў манаграфіі «Эмбрыялогія чалавека і пазваночных жывёл» (1842).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.