Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАРЭ́,
мышачна-паралітычныя яды, што атрымліваюцца пры згушчэнні водных экстрактаў раслін сям. лунанасеннікавых, стрыхнас (чылібуха) і інш. Пры пападанні ў кроў К. блакіруе перадачу нерв. імпульсаў і выклікае расслабленне мышцаў (рэлаксацыю). Дзеючы пачатак — алкалоід групы курарынаў. Выкарыстоўваўся індзейцамі Паўд. Амерыкі ў якасці яду для стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЧЫ,
лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСНА́Я МУКА,
бялковы канцэнтраваны корм. Атрымліваюць высушваннем і размолам адходаў ад забою жывёл, перапрацоўкі мяса (напр., вантробы, абрэзкі мяса) і вырабу мясных экстрактаў. Мае да 12% вады, 60—80% пратэіну, 8—10% тлушчу, 1,5—12,5% попелу, вітаміны групы B і інш. Хутка псуецца. Скормліваюць свінням і птушкам у сумесі з інш. кармамі, уключаюць у камбікармы. Часцей выкарыстоўваецца мяса-касцявая мука.
кветкавая расліна сям. марэнавых. Пашырана ў трапічных лясах Бразіліі, Калумбіі і Цэнтр. Амерыкі. Вырошчваюць як лек. сыравіну.
Паўхмызняк выш. да 60 см з карэнішчам, якое мае пацеркападобныя патаўшчэнні. Лісце супраціўнае. Дробныя кветкі сабраны ў паўшарападобныя галоўкі. Карэнішча мае 2—3% алкалоідаў (эмецін, цэфаэлін і інш.). Выкарыстоўваецца ў медыцыне як адхарквальны сродак (ужываюць у выглядзе экстрактаў, настояў, сіропаў). У вял. дозах выклікае рвоту [адсюль другая назва — ванітоўны (ірвотны) корань].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАГЕ́НЫ,
лекавыя прэпараты расліннага паходжання, якія павышаюць адаптацыю арганізма да неспрыяльных умоў асяроддзя. Да іх належаць прэпараты з жэньшэню, радыёлы (залаты корань), элеўтэракоку і інш. раслін, якія маюць гліказіды, дубільныя рэчывы, флаваноіды, эфірны алей, арган. к-ты, мікраэлементы і інш. Адаптагены здольныя павышаць тонус цэнтр.нерв. сістэмы і працаздольнасць, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі (шчытападобнай, падстраўнікавай, гіпофізу, кары наднырачнікаў), устойлівасць арганізма да інфекц. захворванняў і інш. шкодных уздзеянняў асяроддзя (высокія ці нізкія т-ры, гравітацыйныя перагрузкі, інтаксікацыі прамысл. ядамі, іанізаванае апрамяненне і інш.). Выпускаюцца адаптагены ў выглядзе настояў і вадкіх экстрактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.
Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁР (франц. liqueur),
моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.
Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.10.1962, г. Лунінец Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-рмед.н. (1997), праф. (1999). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1985), працуе ў ім. Навук. працы па механізмах адаптацыі млекакормячых да дзеяння экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя, метадах умацавання здароўя і павышэння працаздольнасці людзей (у т. л. спартсменаў), біял. актыўнасці экстрактаў раслін і грыбоў.
Тв.:
Фунгоадаптогены: сравнительная характеристика адаптогенной активности экстрактов высших растений из семейства аралиевых и высших грибов семейства трутовых (у сааўт.) // Докл.АН Беларуси. 1992. Т. 36, № 6;
Показатели соматического здоровья студентов и их коррекция адаптогенами (разам з А.В.Пераверзевай) // Вестн. Смолен. мед. академии: Медико-биол. журн. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.
Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.