Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСКАВА́ТАР (англ. excavator ад лац. excavo дзяўбу, выдзёўбваю),
самаходная землярыйная машына для капання і перамяшчэння на невял. адлегласці (да трансп. сродкаў, у адвал) грунтоў, горных парод, карысных выкапняў, інш. сыпкіх і кускавых матэрыялаў. Складаюцца з рабочага (асобны коўш, каўшовыя кола або ланцуг), хадавога і сілавога абсталявання, трансмісіі, сістэмы кіравання. Бываюць аднакаўшовыя (цыклічнага дзеяння) і многакаўшовыя (бесперапыннага дзеяння, ротарныя і ланцуговыя); на аўтамаб. (пнеўмаколавым), гусенічным і чыг. хаду, шагаючыя, шагаюча-рэйкавыя і плывучыя (гл.Землечарпальны снарад).
Паводле тыпу сілавога абсталявання Э. падзяляюцца на эл., з рухавікамі ўнутр. згарання (пераважна дызельныя) і камбінаваныя. Аднакаўшовыя Э. маюць выканаўчымі механізмамі прамую ці зваротную лапату, драглайн, грэйфер, струг, капар і інш. Бываюць будаўнічыя, кар’ерныя, ускрышныя, тунэльныя, шахтавыя. Пры неабходнасці на іх ставяць кранавае, палябойнае, рыхліцельнае, карчавальнае і інш. абсталяванне. Ёмістасць каўша да 8 м³, прадукцыйнасць да 180 м³/гадз і больш. Многакаўшовыя Э. — папярочнага, падоўжнага, касога і радыяльнага капання. Выкарыстоўваюцца таксама як пагрузачна-разгрузачныя машыны на складах сыпкіх матэрыялаў, перавалачных базах і г.д. Прадукцыйнасць ланцуговых Э. да 3 тыс.м³ грунту за гадзіну, ротарных да 5 тыс.м³/гадз і больш.
Схемы Э.-драглайнаў прапанаваў у пач. 16 ст. Леанарда да Вінчы. Аднакаўшовы няпоўнапаваротны Э. на рэйкавым хаду запатэнтаваў у 1834 В.Оціс (ЗША). Шырокае выкарыстанне аднакаўшовых Э. пачалося з канца 19 ст. пры буд-ве чыгунак. Вытв-сць іх у Расіі пачата ў 1901, у СССР у 1931. Першыя эл. Э. з’явіліся ў 1910, поўнапаваротныя на гусенічным хаду з рухавікамі ўнутр. згарання ў 1912, з дызелямі ў 1916, шагаючы Э.-драглайн у 1958. Многакаўшовы Э. вынайдзены ў 1860 М.Куўрэ (Францыя), іх выкарыстанне пашырылася з канца 19 ст. ў Германіі. У 1958 у ФРГ уведзены ў дзеянне ротарны Э. з каўшамі ёмістасцю 3600 л, у 1973 у СССР пачаты выпуск ротарных Э. прадукцыйнасцю 5 тыс.м³/гадз.
Літ.:
Домбровский Н.Г. Многоковшовые экскаваторы. М., 1972;
Лозовой Д.А., Покровский А.А. Землеройно-транспортные машины: Справ. пособие. М., 1973;
Купченк о А.И., Вавилов А.В. Механизация мелиоративных и водохозяйственных работ. Мозырь, 2000.
В.М.Кандрацьеў, У.М.Сацута.
Экскаватары: 1 — універсальны на гусенічным хаду, абсталяваны прамой лапатай; 2 — фрэзерны для распрацоўкі шчыльных і мёрзлых грунтоў; 3 — ланцуговы на чыгуначным хаду для ўскрышных, здабыўных і інш. работ; 4 — аднакаўшовы на пнеўматычным хаду, абсталяваны зваротнай лапатай (Коханаўскі экскаватарны завод, Беларусь).Зменныя рабочыя органы гідраўлічных экскаватараў: 1—4 — каўшы зваротнай лапаты, для вузкіх траншэй, для дрэнажных работ, зачысны; 5 — гідрамолат; 6—7 — планіровачны і пагрузачны каўшы; 8 — мнагазубы рыхліцель; 9 — мнагасківічны грэйфер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Экскаватар-струг 10/83
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ГЛАЙН (англ. dragline),
аднакаўшовы экскаватар з гнуткай канатнай сувяззю стралы і каўша. Абсталёўваецца звычайна шагаючым ходам. Даўж. стралы да 100 м, ёмістасць каўша да 80 м³. Выкарыстоўваецца для здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам (у кар’ерах), у гідратэхн. і меліярац. буд-ве. Д. наз. таксама яго рабочае абсталяванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,
машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз.аўтам. ротарнай лініяй.
У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл.Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш.меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл.Снегаўборачныя машыны).
У.М.Сацута.
Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).