Экс... 11/421

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Экс-ан-Праванс

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭМО́Н (Entremont),

стараж. кельта-лігурыйскі абарончы і культавы цэнтр каля г. Экс-ан-Праванс (Францыя), сталіца плямёнаў соліяў. Пабудаваны ў 3 ст. да н.э., разбураны рымлянамі ў 124 да н.э. Гар. сцены з вежамі, складзеныя з каменных блокаў, захаваліся на выш. да 4 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі чатырохвугольных каменных дамоў, каналізацыі. У найб. высокім месцы знаходзілася свяцілішча, дзе захаваліся каменныя слупы з выявамі мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў, рэшткі шматлікіх скульптур — фігур воінаў і, верагодна, багоў.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),

французскі батанік. Чл. Франц. АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.

Літ.:

Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАБО́ (Mirabeau) Анарэ Габрыэль дзю Рыкеці

(du Riqueti; 9.3.1749, Біньён-Мірабо, Францыя — 2.4.1791),

палітычны дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Граф. У 1786 накіраваны з сакрэтнай місіяй у Прусію. У 1789 выбраны ў Генеральныя штаты ад трэцяга саслоўя гарадоў Марсель і Экс. Стаў вядомы дзякуючы выкрывальным прамовам супраць абсалютысцкага ладу. Паступова перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, стаў лідэрам буйной буржуазіі, прыхільнікам парламенцкай манархіі. У 1790 заключыў тайнае пагадненне з каралеўскім дваром, за абавязацельствы пагасіць вял. даўгі М. стаў яго сакрэтным агентам. Раптоўна памёр. Пахаваны ў Пантэоне, пасля адкрыцця здрады перапахаваны на могілках для злачынцаў.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЕ́НДЗІ ((Gassendi) П’ер) (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),

французскі філосаф. Займаўся таксама астр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.​Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Агюст Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.​Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЗА́Н ((Cézanne) Поль) (19.1.1839, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.10.1906),

французскі жывапісец, вядучы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Муніцыпальнай школе малявання у Экс-ан-Правансе (1858—60) і прыватнай акадэміі Сюіса ў Парыжы (1861—65). Раннім яго творам уласцівы экспрэсіўна-фантасмагарычны характар, уплывы П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Э.​Дэлакруа і А.​Дам’е («Негр Сцыпіён», 1865; «Оргія», 1864—68; «Растае снег. Эстак», 1870). У 1870-я г. звярнуўся да імпрэсіянізму; жывапісная тэхніка набыла характар дробных плаўных мазкоў, вял. значэнне ў творах пачалі мець суразмернасць аб’ёмаў і тонаў, у партрэтах — псіхааналіз: «Дом павешанага» (1873), «Нацюрморт з вазай і садавінай» (каля 1877), «Мадам Сезан у чырвоным крэсле» (1877). У 1880-я г. творчасць С. дасягнула росквіту. У адрозненне ад імпрэсіяністаў яго найб. цікавілі не дынаміка святлопаветранага асяроддзя і змяненне колеру ў атмасферы, а ўстойлівыя заканамернасці колеравых спалучэнняў і форм, матэрыяльнасць прадметнага і прыроднага асяроддзяў. Ён доўга распрацоўваў адзін і той жа матыў у пошуках структурнай канструктыўнасці прыродных форм (шматлікія выявы гары Сент-Віктуар, 1885—1900). Выкарыстоўваў пераважна градацыі трох асн. колераў (зялёнага, блакітнага і жоўтага). Спалучэннем тонкіх і празрыстых фарбаў з кантрастнымі, нанесенымі шчыльнымі корпуснымі мазкамі, ствараў прасторавыя планы і ступень асвятлення. Раўнавагу фарбавай фактуры гарманічна спалучаў са смелым лаканічным малюнкам, канструктыўна-дакладнай, пластычна-абагульненай лепкай формы і ўраўнаважанасцю кампазіцыі (аўтапартрэт, 1879—85; «П’еро і Арлекін», 1888; «Персікі і грушы», 1888—90; «Вялікія купальшчыцы», 1898—1905). Для яго пейзажаў характэрны панарамны ахоп напоўненага святлом ландшафту («Дарога», 1883—87; «Берагі Марны», 1888; «Мост у Труа-Сатэ», 1906). У нацюрмортах з дапамогай фарбавай фактуры і выкарыстання чыстага колеру выяўляў матэрыяльную структуру і строгую пластычнасць прадметнага свету («Нацюрморт з драпіроўкай», 1898—99, і інш.).

Літ.:

Воллар А. Ренуар. Сезанн: Пер. с фр. СПб., 2000;

Перрюшо А. Сезанн: Пер. с фр. М., 1966;

Поль Сезанн: Переписка, воспоминания современников: [Пер. с фр.]. М., 1972;

Поль Сезанн: [Альбом]. Л., 1975.

С.​У.​Пешын.

П.Сезан Вялікія купальшчыцы. 1898—1905.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл. Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар. ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.

Л.​М.​Драбовіч.

Р.Касэн.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)