Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМ у квантавай тэорыі поля,
асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш. квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.
Флуктуацыі вакууму тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.
Літ.:
Гл. пры арт. Квантавая тэорыя поля.
Я.А.Таўкачоў.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,
тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.
Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (1019 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц).
Літ.:
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
А.Я.Таўкачоў.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)