СТРАХ,

1) у псіхалогіі — адмоўная эмоцыя, што ўзнікае ў выніку рэальнай або ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобе, яе каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і інш.). Сфарміраваныя рэакцыі С. з’яўляюцца адносна стойкімі і здольныя захавацца нават пры разуменні іх бессэнсоўнасці. Таму выхаванне ўстойлівасці да С. звычайна накіравана не на пазбаўленне ад яго, а на выпрацоўку ўменняў валодаць сабой пры наяўнасці С. Неафрэйдызм разглядае С. як гал. крыніцу неўрозу.

2) Адно з асн. паняццяў экзістэнцыялізму. Уведзена С.​К’еркегорам, які вылучаў звычайны «эмпірычны» С.-боязь, выкліканы канкрэтным прадметам ці абставінамі, і нявызначаны, неўсвядомлены С.-тугу — метафізічны С., які невядомы жывёлам, прадметам якога з’яўляецца нішто; ён абумоўлены тым, што чалавек смяротны і ведае пра гэта. У М.​Хайдэгера С. адкрывае перад «экзістэнцыяй» яе апошнюю магчымасць — смерць. Метафізічны, экзістэнцыяльны С. Ж.​П.​Сартр тлумачыць як С. перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЫ́ (Vigny) Альфрэд Віктор дэ (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),

французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).

Тв.:

Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;

Избранное. М., 1987;

Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;

Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.

Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)