Экасістэма 11/407

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАСІСТЭ́МА (ад эка... + сістэма),

прыродны функцыян. комплекс, утвораны ўзаемадзеяннем жывых арганізмаў з іх асяроддзем; адкрытая тэрмадынамічная сістэма, стабільнасць якой падтрымліваецца кругаваротам рэчываў і патокамі энергіі. Асн. працэс у Э. — іх біялагічная прадукцыйнасць, якая праходзіць з рассейваннем ч. энергіі ў форме цяпла.

Тэрмін «Э.» прапанаваны англ. батанікам А.​Тэнслі (1935); яго выкарыстоўваюць у дачыненні да прыродных аб’ектаў рознага аб’ёму і складанасці: возера, лес, балота, лужына, Зямля ўвогуле. Характарызуецца Э. відавым складам, колькасцю асобін кожнага віду, іх біямасай, размеркаваннем і сезоннай дынамікай, суадносінамі розных трафічных груп, інтэнсіўнасцю працэсаў прадуцыравання і дэструкцыі арган. рэчыва. Размяркоўваюць Э. па геагр., фіз.-хім., трафічных умовах, відавой разнастайнасці і інш.

Літ.:

Уиттекер Р. Сообщества и экосистемы: Пер. с англ. М., 1980;

Одум Ю. Экология: Пер. с англ. М., 1986.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКЛІ́МАКС (ад пара... + клімакс),

адносна ўстойлівае супольніцтва арганізмаў; экасістэма, якая ўзнікае пасля разбурэння клімаксу — апошняй стабільнай сукцэсійнай стадыі развіцця біягеацэнозаў. Разам з інш. супольніцтвамі, што развіваюцца да стану раўнавагі ў дадзеным асяроддзі (эдафічныя клімаксы), П. — найб. характэрная праява адносна найб. устойлівых экасістэм у прыродзе, якія змяняюцца дзейнасцю чалавека (напр., супольніцтва пашы, якое пастаянна падтрымліваецца выпасам жывёлы на месцы зведзенага лесу). Як і клімакс, П. — экасістэма, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі і ўзаемазлучэння са знешнім асяроддзем у дадзеных умовах існавання. Ступень устойлівасці антрапагеннага П. залежыць ад частаты і характару ўздзеяння чалавека.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАСФЕ́РА (ад бія... + геасфера),

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.​К.​Яфрэмаў (1959).

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМІЛЯЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ экалагічнай сістэмы,

колькасць шкодных рэчываў, якую экасістэма здольная за адзінку часу назапасіць, разбурыць (перапрацаваць) і вывесці за свае межы без парушэння нармальнага яе функцыянавання. На велічыню паказчыка асіміляцыйнай ёмістасці ўплываюць мноства прыродных і антрапагенных фактараў, фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў, але вызначальная роля належыць біял. працэсам. напрыклад, пры практычнай ацэнцы асіміляцыйнай ёмістасці акіяна найперш улічваюць працэсы акіслення арган. забруджвальнікаў і біял. асаджэння.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП у экалогіі,

канцэпцыя, у адпаведнасці з якой любая прыродная адносна замкнутая сістэма пры ўзаемадзеянні нежывога рэчыва і жывых арганізмаў з праходзячым праз гэтую сістэму патокам энергіі здольная да развіцця ў бок устойлівага стану пры дапамозе самарэгулюючых механізмаў (працэсаў). Такой сістэмай можа быць і біясфера Зямлі, і невял. экасістэма, напр., возера. У выпадку кароткачасовага дэстабілізуючага ўздзеяння звонку такія механізмы забяспечваюць вяртанне сістэмы да стабільнага стану, пры дасягненні якога перанос энергіі звычайна ідзе ў адным напрамку, з пастаяннай хуткасцю і садзейнічае падтрыманню ўстойлівасці сістэмы. Здольнасць да самастойнага дасягнення стану стабільнасці ўласціва толькі жывым сістэмам (папуляцыям, экасістэмам, біясферы ў цэлым). Прыватны выпадак С.п. — правіла стабільнасці ўзроставай структуры папуляцыі, у адпаведнасці з якім любая прыродная папуляцыя імкнецца да ўстанаўлення стабільнай узроставай структуры. Змены ў знешнім асяроддзі ці унутры папуляцыі звычайна прыводзіць да ўзнікнення новага стабільнага размеркавання ўзростаў у папуляцыі. Выяўлена амер. біяфізікам А.​Дж.​Лотка (1925).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)