Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНВІ́ЛЬ (Granville),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі, на Пд ад г.Шэрбур, на беразе праліва Ла-Манш. Мяккі марскі клімат, пясчаны пляж, цёплая марская вада эфектыўныя ў клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Шмат атэляў, пансіянатаў, водалячэбніц. Буйны цэнтр турызму і паруснага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЬЯ́Р ((Grignard) Франсуа Агюст Віктор) (6.5.1871, г.Шэрбур, Францыя — 13.12.1935),
французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1926). Скончыў Ліёнскі ун-т (1893), дзе і працаваў. З 1909 у Нанцкім, з 1919 у Ліёнскім ун-тах. Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў розных класаў. Прапанаваў адзін з найб. універсальных метадаў сінтэзу арган. рэчываў (Грыньяра рэакцыя). Нобелеўская прэмія 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАНТЭ́Н (Cotentin),
Нармандыя, паўвостраў на ПнЗ Францыі. Удаецца ў праліў Ла-Манш на 100 км. Абмежаваны таксама залівамі Сены і Сен-Мало. Берагі нізкія, слаба расчлянёныя, з дзюнамі, на З месцамі скалістыя. Паверхня — узгорыстая раўніна, выш. да 191 м, расчлянёная рачнымі далінамі і ярамі. Складзены з пясчанікаў, гранітаў і сланцаў. Верасоўнікі, лугі. Жывёлагадоўля, садаводства. На Пн — порт Шэрбур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-МАНШ (франц. La Manche),
Англійскі канал (англ. English Channel), праліў паміж мацерыковай часткай Еўропы (Францыя) і в-вам Вялікабрытанія. Злучае разам з пралівам Па-дэ-Кале (Дуўрскі праліў) Паўночнае м. з Атлантычным ак.Даўж. 578 км, шыр. 250 км на 3, 32 км на У, найб.глыб. 172 м, найм. глыб. на фарватэры 23,5 м. Шмат водмеляў, асабліва ва ўсх. частцы праліва. Частыя туманы. Мае важнае трансп. значэнне. Гал. парты: Портсмут, Саўтгемптан, Плімут (Вялікабрытанія), Гаўр, Шэрбур (Францыя). Пад Л.-М. (паміж Дуўрам і Кале) у 1994 пабудаваны чыг. тунэль (т. зв. «Еўратунэль», даўж. 52,5 км, у т. л. 38 км пад дном праліва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г.Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),
французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ ((Marais) Жан) (сапр.Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г.Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),
французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).