ШАРТГО́РНСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, шартгорн (ад англ. shorthorn караткарогі),

парода мяснога і малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Вялікабрытаніі паляпшэннем мясц. караткарогай жывёлы пры скрыжаванні з галандскімі пародамі. Пашырана ў краінах Еўропы, ЗША, Аўстраліі. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні парод бястужаўскай, курганскай, санта-гертруда.

Жывёлы мяснога тыпу маюць далікатную рыхлую канстытуцыю, тулава кампактнае і шырокае, галава і шыя кароткія і шырокія, добра развіта мускулатура. У жывёл малочна-мяснога тыпу тулава падоўжанае, галава лёгкая і сухая, шыя доўгая і тонкая. Рогі кароткія, сустракаецца камоласць Масць чырв., белая, шэрая. Маса быкоў 850—950, кароў 450—570 кг. Скараспелыя. Надой малака за год 3500—4000 кг, тлустасць 3,7—3,9%.

Шартгорнская парода.

т. 17, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена ў Італіі скрыжаваннем мясц. гусей з кітайскімі. Пашыраны ўсюды. Выкарыстоўваюцца ў скрыжаваннях для атрымання мясных гусянят, а таксама для вытв-сці гусінай печані.

Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Галава і шыя сярэдніх памераў, грудзі шырокія і глыбокія. Маса дарослых гусакоў 6,5, гусак 5,5 кг. Яйцаноскасць да 80 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія гусі.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІКАТЭ́РЫІ (Chalicotheriidae),

сямейства вымерлых млекакормячых атр. няпарнакапытных. Каля 15 родаў. Вядомы з кайназойскіх адкладаў Азіі, Еўропы і Паўн. Амерыкі. Жылі ад эацэну да плейстацэну.

Памеры ад авечкі да буйнога каня, да якога яны, напэўна, былі падобныя знешне і будовай чэрапа. Шыя доўгая. Пярэднія ногі доўгія, чатырох- або трохпальцыя, заднія адносна кароткія і масіўныя. На пальцах кіпцюры. Карміліся мяккімі раслінамі, каранямі і клубнямі.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНА́КА (Lama guano),

млекакормячае роду ламаў сям. вярблюдавых. Трапляецца на сухіх паўпустынных высакагор’ях (да 5000 м) Андаў Паўд. Амерыкі. Жывуць невял. статкамі (да 20 галоў).

Даўж. цела 180—225 см, хваста 15—25 см, выш. 90—130 см, маса 48—96 кг. Цела ўкрыта бураватай шэрсцю (даўж. 6—10 см). Шыя і канечнасці доўгія, тулава пакарочанае. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Корміцца травяністай расліннасцю. Аб’ект палявання. Продак свойскай ламы.

Гуанака.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНУ́ШКІ,

змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАБУ́ (Leptoptilos),

род птушак сям. буслоў атр. галянастых. 3 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць калоніямі на дрэвах або скалах паблізу балот.

Даўж. да 1,5 м, размах крылаў да 3 м. Спіна чорная або цёмна-шэрая, ніз цела белы. Дзюба масіўная. Галава і шыя пакрыты рэдкім пухам. На шыі голы гарлавы мяшок (у М. яванскага няма). Кормяцца жывёльным кормам, мярцвячынай. Нясуць 2—4 яйцы.

Марабу.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.

М.​Ц.​Гарачка.

Раменская парода гусей.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВОНАВАЛЛЁВІК (Calidris testacea, або С. ferruginea),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Паўн. Азіі. На Беларусі рэдкі пралётны від.

Даўж. да 23 см, маса да 91 г. Знешне падобны на чорнаваллёвіка. Апярэнне спіны цёмна-бурае з рыжымі плямкамі. Шчокі, шыя і брушка каштанава-рыжыя, падхвосце белае. Дзюба амаль чорная, доўгая, крыху загнутая ўніз. Нясе 4 яйцы. Корміцца жукамі, насякомымі і іх лічынкамі, чарвямі, малюскамі, радзей — насеннем.

Э.​Р.​Самусенка.

Чырвонаваллёвік.

т. 17, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎПІЦЫ (Platalea),

род птушак сям. ібісавых атр. буслападобных. 4 віды. Пашыраны на Пд Еўразіі, у Паўн.-Усх. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца К. звычайная (P. leucorodia), рэдкая залётная птушка.

Даўж. К. звычайнай каля 90 см, маса каля 1,5 кг. Ногі і шыя доўгія, дзюба доўгая, пляскатая, на канцы расшыраная. На галаве чубок. Апярэнне белае. Корміцца дробнымі беспазваночнымі, часам маляўкамі рыб або ікрой. Гняздуе калоніямі ў зарасніках трыснягу, радзей на дрэвах. Нясе 3—4 яйцы.

Коўпіца.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)