Шырата, гл. Каардынаты геаграфічныя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл. Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.

Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.

т. 5, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ АКІЯ́Н,

умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35° паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60° паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55° паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,

астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл. Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".

Я.​У.​Чайкоўскі.

Зеніт-тэлескоп.

т. 7, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

велічыні, якія вызначаюць становішча пунктаў на Зямлі і ў каляземнай прасторы адносна паверхні зямнога эліпсоіда — геагр. шырата, даўгата і вышыня пункта. Геадэзічную шырату і даўгату вылічваюць ад зыходнага пункта «Пулкава» метадам трыянгуляцыі, вышыню — ад нуля Кранштацкага футштока нівеліраваннем. Выкарыстоўваюцца і інш. сістэмы каардынат: для вызначэння геадэзічных каардынат пунктаў у прасторы — прамавугольная дэкартава сістэма каардынат з пачаткам у цэнтры зямнога эліпсоіда; для вызначэння планавага становішча пунктаў на параўнальна невял. аб’ектах — прамавугольная сістэма каардынат на плоскасці; для інж. работ — сістэма занальных плоскіх прамавугольных каардынат у праекцыі Гаўса—Кругера з пачаткам каардынат у пункце перасячэння восевага (сярэдняга) мерыдыяна шасціградуснай зоны з экватарам. Геадэзічныя каардынаты адрозніваюцца ад астранамічных некалькімі секундамі на раўнінных тэрыторыях і некалькімі дзесяткамі секунд у перадгорных і горных раёнах. Гэта абумоўлена адступленнем фігуры геоіда ад матэм. фігуры эліпсоіда.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНАЯ СЕ́ТКА ЗЯМЛІ́,

сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелішырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30; 10; 1. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°1103; Ly, = 32°4536 і шыротамі Bпд = 51°1535; Bпн = 56°1022. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню ΔS = y2m 2R2m , дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).

Градусная сетка Зямлі.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],

шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн. геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш. Асн. геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл. Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)