Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НГА (Salonga),
нацыянальны парк у Конга (Дэмакр. Рэспубліка Конга), у даліне р. Салонга (бас.р. Рукі, левы прыток р. Конга). Засн. ў 1970. Пл. 3,6 млн.га. Ландшафты з экватарыяльных забалочаных, прырэчных і сухіх лясоў, участкі злакавай расліннасці. У фауне мартышкі, слон (у т. л. карлікавая форма), карлікавыя буйвал (аноа) і шымпанзэ (банабо), антылопы, кракадзілы, вадаплаўныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),
вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн.г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.
Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАВЕКАПАДО́БНЫЯ (Pongidae),
сямейства вышэйшых прыматаў. Разам з сям.гамінід складаюць надсям. чалавекападобных прыматаў (Hominoidea). Выкапнёвыя Ч. былі пашыраны ў міяцэне і пліяцэне Еўразіі і Афрыкі. Ад міяцэнавых пліяпітэкаў (продкаў гібонаў) узялі пачатак дрыяпітэкі — зыходная форма ўсіх сучасных Ч. і чалавека (у адпаведнасці з тэорыяй Ч.Дарвіна). Сучасныя 4 віды Ч.: арангутан, гарыла, шымпанзэ (2 віды). Пашыраны ў Азіі і Афрыцы. Актыўныя ўдзень. Трымаюцца невял. групамі (2—15 асобін). Паводле анатама-фізіял. прыкмет найб. блізкія да чалавека гарыла і шымпанзэ (з апошнім — амаль 100-працэнтная ідэнтычнасць паводле складу поліпептыдаў). Усе віды Ч. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. (выш.) да 180 см (зрэдку больш, гарыла), маса да 300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Хвост адсутнічае. Валасяное покрыва грубае, кароткае, часам касматае, чарнаватае (у арангутанаў чырванаватае). Тваравы аддзел слаба ўкрыты валасамі, далоні, падэшвы і вушы без валасоў. На чэрапе самцоў арангутанаў і гарыл развітыя грабяні. Зубоў 32. Мозг адносна вял., з развітымі барознамі і звілінамі, масай да 600 г, зрэдку да 750 г (у гарыл), што абумоўлівае ў Ч. высокаразвітую вышэйшую нерв. дзейнасць. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Першы палец проціпастаўлены астатнім. У арангутанаў 12 пар рэбраў, у астатніх — 13 пар. 4 групы крыві (як у чалавека). Ёсць сляпая кішка, яе адростак (апендыкс) дасягае даўж. 25 см. Спажываюць пераважна расл. (гарыла), часам дробны жывёльны корм. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ А́ФРЫКА, Экватарыяльная Афрыка,
прыродная вобласць у Афрыцы, у прыэкватарыяльнай зоне паміж 7—8oпаўн. ш. і 12—30oпаўд. ш. Ахоплівае пераважна тэр.Конга ўпадзіны і пласкагор’яў, што яе акаймоўваюць; на З прылягае да Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., на У мяжуе з Усх.-Афрыканскім пласкагор’ем. На тэр. Ц.А. поўнасцю ці часткова знаходзяцца дзяржавы: Ангола, Габон, Дэмакр. Рэспубліка Конга, Замбія, Камерун, Конга, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея; у яе склад уключаюць таксама астраўную дзяржаву Сан-Таме і Прынсіпі. Выш. 300—500 м у цэнтр.ч. ўпадзіны, 500—1000 м на Пн і З, 1000—1500 м і больш на ПдУ.
Рэльеф некаторых ускраінных зон моцна расчлянёны, закрануты маладымі глыбавымі рухамі (узбярэжжа Гвінейскага зал., дзе на лініі тэктанічнага разлому знаходзіцца найвыш. яе пункт — вулкан Камерун (4070 м). Клімат пераважна экватарыяльны, пастаянна вільготны (ападкаў больш за 1500 мм за год, на зах. схілах Камеруна да 10000 мм); на Пн і Пд — субэкватарыяльны, летневільготны (ападкаў 600—1000 мм за год); на значнай ч. ўзбярэжжа Атлантычнага ак. — трапічны пасатны (ападкаў 200—300 мм за год). Сярэднегадавыя т-ры 25—28 °C. Густая і мнагаводная рачная сетка ў бас.р. Конга (Заір). Рэкі маюць шмат парогаў, вадаспадаў, вял. запасы гідраэнергіі. Азёр мала. Вял. плошчы заняты балотамі. Каля экватара вечназялёныя лясы (гілеі) на чырв.-жоўтых латэрытных глебах; на Пн і Пд змяняюцца лістападнымі вечназялёнымі лясамі і высакатраўнымі саваннамі на чырв. глебах. Па далінах рэк галерэйныя лясы, у вусцях мангравыя зараснікі. Водзяцца малпы, у т. л.шымпанзэ і гарыла, паўмалпы галага, кутасавухія свінні, калючкахвосты, віверы, лятучыя мышы; вял. разнастайнасць птушак, рэптылій, насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),
1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.
2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).
Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.Дарвін і Т.Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн.г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн.г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс.г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс.г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс.г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.
Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл.Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн.г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.
Літ.:
Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІО́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае частку мацерыка Афрыка на Пд ад пустыні Сахара, паўд.ч. Аравійскага п-ва і в-ва Сакотра. Уваходзіць у біягеагр. царства Палеагею. Э.б.в. падзяляюць на 3 падвобласці: Усходне-Афрыканскую, Заходне-Афрыканскую і Паўднёва-Афрыканскую, ці Капскую (апошнюю часам вылучаюць у асобную вобласць).
Прыродныя ўмовы вызначаюцца рэльефам і геагр. становішчам; клімат пераважна трапічны і субтрапічны. Большая ч.тэр. занята саваннамі і трапічнымі лясамі. У саваннах пераважаюць: з дрэвавых парод — акацыі, дрэвападобныя малачаі, алоэ, баабаб, маслінавая пальма; бязлесныя ўчасткі ўкрыты зараснікамі злакаў (слановая трава, імперата і інш.), шмат цыбульных — лілейныя, амарылісавыя і інш. У лясах каля 600 відаў дрэвавых раслін; наогул з кветкавых трапляецца больш за 11 тысяч відаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Сярод млекакормячых (больш за 38 сямействаў) эндэмічныя атр. даманаў, трубказубаў, выдравых землярыек, золатакратоў, гіпапатамы, жырафы, даўганогі, іглахвостыя (шыпахвостыя) палятухі, каля 40 родаў антылоп, кафрскі буйвал, алянькі. насарогі, зебры, гіены, гіенавыя сабакі, віверы. ліс, леў, гепард, леапард, дзікабразы, паўмалпы (пота, галага), мартышкі, чалавекападобныя малпы (гарыла, шымпанзэ) і інш. З птушак (89 сям.) характэрны страус афрыканскі, птушка-сакратар, турака, кітагалоў, цацаркі (больш за 20 відаў), ткачыкі, нектарніцы, птушкі-насарогі, птушкі-мышы, піты, зімародкі і інш. Сярод паўзуноў—хамелеоны, геконы, яшчаркі (у т. л. нільскі варан, даўж. да 2 м), шматлікія змеі (ядавітых больш за 20 відаў), чарапахі, кракадзілы. Сярод земнаводных трапляюцца эндэмічныя шпорцавыя і валасатыя жабы, жывародная жаба, весланогія, чарвягі. Сярод прэснаводных рыб пераважаюць карпавыя; шмат прадстаўнікоў стараж. груп (кісцяпёрыя. мнагапёры. каламаіхт), дваякадыхальныя (пратоптэры), рыбы-матылі, мармірусы, гімнархі, самы (каля 250 відаў, у т. л.эл. сом) і інш. Сярод беспазваночных — разнастайныя скарпіёны. фалангі, павукі, скалапендры; з насякомых — тэрміты (больш за 500 відаў). саранчовыя, жукі (у т. л. галіяф, даўж. да 11 см), муха цэ-цэ і інш. Расл. і жывёльны свет Э.б.в. мае шмат сувязей і пераходных ступеней з суседнімі біягеагр. абласцямі — Інда-Малайскай, Старажытнага Міжзем’я, у меншай ступені — з Неатрапічнай і Карыбскай (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun), Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт. войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.