ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,
асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.
Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,
аддзел унутр. шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.
т. 4, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)