АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.М.Логвінка.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)