ШТЭ́РНА—ГЕ́РЛАХА ДО́СЛЕД,
эксперымент, які выявіў наяўнасць у атама магнітнага моманту з дыскрэтным значэннем праекцый на напрамак знешняга магн. поля. Прапанаваны П.Л.Капіцай і М.М.Сямёнавым, пастаўлены ням. фізікамі О.Штэрнам і В.Герлахам у 1922. Вузкі пучок атамаў серабра, які праходзіў праз вобласць неаднароднага магн. поля, падзяляўся на 2 пучкі, што пацвердзіла існаванне прасторавага квантавання магн. моманту атамаў. Лікавыя значэнні магн. моманту, вызначаныя ў Ш. — Г.д., аказаліся кратнымі магнетону Бора.
т. 17, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Дж.Вердзі, Малера, А.Брукнера, І.Брамса, Л.Бетховена і інш.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТЭРН (Stem) Ота (17.2.1888, Зораў, Германія — 17.8.1969),
нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1945). Скончыў ун-т у г. Брэслаў (цяпер Вроцлаў, Польшча). З 1933 у ЗША. Праф. тэхнал. ін-та ў Пітсбургу (з 1933) і Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (з 1946). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядз. фізіцы, квантавай тэорыі. Упершыню вызначыў скорасць малекул газу (1920; дослед Ш.). Даказаў наяўнасць магн. моманту ў атамаў (з ням. фізікам В.Герлахам; гл. Штэрна—Герлаха дослед). Вызначыў магн. момант пратона (з ням. фізікам Р.Фрышам). Нобелеўская прэмія 1943.
т. 17, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМІ́Р (сапр. Язерніцкі) Іцхак
(н. 15.10.1915, г.п. Ружаны Брэсцкай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це і Яўрэйскім ун-це Іерусаліма. З пач. 1930-х г. у сіянісцкім руху. З 1935 у Палесціне, дзе ўдзельнічаў у дзейнасці сіянісцкіх арг-цый, у т. л. тэрарыст. «групы Штэрна». У 1941 і 1946 быў арыштаваны брыт. ўладамі, у 1946—48 у эміграцыі. Пасля стварэння Ізраіля да 1965 у разведцы «Масад». З 1970 член, з 1975 старшыня Выканкома партыі «Херут», якая з 1973 дзейнічае ў складзе блока «Лікуд». З 1973 дэп., у 1977—80 спікер кнесета (парламента). У 1980—83 міністр замежных спраў. У 1983—84 і 1986—92 прэм’ер-міністр Ізраіля.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ (Bülow) Ганс Гвіда фон (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),
нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)