ШТЭ́РНА—ГЕ́РЛАХА ДО́СЛЕД,

эксперымент, які выявіў наяўнасць у атама магнітнага моманту з дыскрэтным значэннем праекцый на напрамак знешняга магн. поля. Прапанаваны П.Л.Капіцай і М.М.Сямёнавым, пастаўлены ням. фізікамі О.Штэрнам і В.​Герлахам у 1922. Вузкі пучок атамаў серабра, які праходзіў праз вобласць неаднароднага магн. поля, падзяляўся на 2 пучкі, што пацвердзіла існаванне прасторавага квантавання магн. моманту атамаў. Лікавыя значэнні магн. моманту, вызначаныя ў Ш. — Г.д., аказаліся кратнымі магнетону Бора.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Малера, А.​Брукнера, І.​Брамса, Л.​Бетховена і інш.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭРН (Stem) Ота (17.2.1888, Зораў, Германія — 17.8.1969),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1945). Скончыў ун-т у г. Брэслаў (цяпер Вроцлаў, Польшча). З 1933 у ЗША. Праф. тэхнал. ін-та ў Пітсбургу (з 1933) і Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (з 1946). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядз. фізіцы, квантавай тэорыі. Упершыню вызначыў скорасць малекул газу (1920; дослед Ш.). Даказаў наяўнасць магн. моманту ў атамаў (з ням. фізікам В.​Герлахам; гл. Штэрна—Герлаха дослед). Вызначыў магн. момант пратона (з ням. фізікам Р.​Фрышам). Нобелеўская прэмія 1943.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́Р (сапр. Язерніцкі) Іцхак

(н. 15.10.1915, г.п. Ружаны Брэсцкай вобл.),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це і Яўрэйскім ун-це Іерусаліма. З пач. 1930-х г. у сіянісцкім руху. З 1935 у Палесціне, дзе ўдзельнічаў у дзейнасці сіянісцкіх арг-цый, у т. л. тэрарыст. «групы Штэрна». У 1941 і 1946 быў арыштаваны брыт. ўладамі, у 1946—48 у эміграцыі. Пасля стварэння Ізраіля да 1965 у разведцы «Масад». З 1970 член, з 1975 старшыня Выканкома партыі «Херут», якая з 1973 дзейнічае ў складзе блока «Лікуд». З 1973 дэп., у 1977—80 спікер кнесета (парламента). У 1980—83 міністр замежных спраў. У 1983—84 і 1986—92 прэм’ер-міністр Ізраіля.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́ЛАЎ (Bülow) Ганс Гвіда фон (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.​Ліста (фп.) і М.​Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.​Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.​Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.​Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)