КУЛАЧКО́ВЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм з вядучым звяном (кулачком), якое перамяшчае вядзёнае звяно (штурхач). Дае магчымасць перадаць практычна любы рух (зададзены закон руху) пры бесперапынным вярчальным руху аднаго або некалькіх вядучых звёнаў. Найб. пашыраны 3-звёнавыя К.м. з дадатковым — злучальным — звяном. Выкарыстоўваюцца ў сістэме газаразмеркавання рухавікоў унутр. згарання, у металарэзных станках, машынах-аўтаматах і інш.

Схемы кулачковых механізмаў: а — з ролікавым штурхачом; б — з талерчатым штурхачом; в — знешні выгляд закрытага кулачковага механізма; 1 — кулачок; 2 — штурхач; 3 — злучальнае звяно.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКСІ́РНАЕ СУ́ДНА, буксір (ад галанд. boegseren цягнуць),

самаходнае судна для буксіроўкі баржаў, плытоў і інш. Бываюць: буксіроўшчыкі (перамяшчэнне суднаў з выкарыстаннем троса), штурхачы (перамяшчэнне суднаў штурханнем), кантоўшчыкі (для дапамогі суднам пры швартоўцы да прычала), выратавальнікі (для дапамогі суднам, пацярпелым аварыю). Паводле тыпу рухавікоў можа быць параходам, цеплаходам і электраходам, паводле тыпу рухачоў — вінтавым, колавым, з крыльчатымі рухачамі, паводле месца плавання — рачным, марскім, акіянскім, рэйдавым (партовым).

Да арт. Буксірнае судна. Буксір-штурхач.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),

прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў ўнутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).

Прэс-форма для гарачага прасавання пластмасы: 1 — штурхач; 2 — матэрыял. што прасуецца; 3 — матрыца; 4 — пуансон; 5 — гатовы выраб.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),

1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.

2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).

Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛАТО́МЕТР,

прылада, якая вымярае змены памераў цела, выкліканыя ўздзеяннем знешніх умоў (гл. Дылатаметрыя). Бывае оптыка-мех., ёмістасны, індукцыйны, інтэрферэнцыйны, рэнтгенаўскі, радыёрэзанансны і інш. Найб. важная характарыстыка — адчувальнасць да абс. змен памераў цела.

У оптыка-механічных Д. (адчувальнасць да 10​−7 см) змены памераў даследаванага ўзору выклікаюць адпаведныя зрушэнні светлавога паказальніка; у ёмістасных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) — змены ёмістасці калібраванага кандэнсатара; у індукцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) пры зменах памераў узору змяняецца ўзаемаіндуктыўнасць двух шпуль індуктыўнасці; у інтэрферэнцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−8 см) даследаваны ўзор размяшчаюць паміж аптычнымі пласцінамі і атрымліваюць інтэрферэнцыйную карціну пры асвятленні іх монахраматычным святлом (змены памераў выклікаюць зрушэнне інтэрферэнцыйных палос); у рэнтгенаўскіх Д. (адчувальнасць да 10​−6 см) вымяраюць змену параметраў крышталічнай рашоткі цела на рэнтгенаграмах; у радыёрэзанансных Д. (адчувальнасць да 10 ​12 см) выяўляюцца змены рэзананснай частаты аб’ёмнага рэзанатара, сценкі якога выраблены з даследаванага матэрыялу.

Дылатометры: а — вадкасны (1 — рэзервуар; 2 — калібраваны капіляр); б — кварцавы (1 — штурхач; 2 — трымальнік; 3 — узор; 4 — награвальнік або халадзільнік).

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)