Штурханне ядра 5/557

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).

Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.​Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.​Алісевіч, А.​Атрошчанка, С.​Бурага, Н.​Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРААЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ (ад пара... + алімпійскія гульні),

міжнародныя комплексныя спарт. спаборніцтвы спартсменаў-інвалідаў. Праводзяцца з 1960, у адзін год з Алімп. гульнямі, пры падтрымцы Міжнар. алімп. камітэта. Міжнар. Параалімп. к-т створаны ў 1960; Параалімп. к-т Беларусі — у 1996, аб’ядноўвае 5 федэрацый інваспорту (па зроку, слыху, з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, інвалідаў-калясачнікаў і танцаў на калясках), больш за 25 клубаў спартсменаў-інвалідаў. Нац. каманда Беларусі прыняла ўдзел у X П.г. (1996, г. Атланта, ЗША), выступіла ў 5 з 18 відаў спорту, заняла 2-е агульнакаманднае месца. Чэмпіёнамі X П.г. сталі І.​Леанцюк (скачкі ў даўжыню), Т.​Сівакова (штурханне ядра), А.​Шэпель (скачкі ў вышыню). На XI П.г. (2000, г. Сідней, Аўстралія) каманда Беларусі (25 спартсменаў) заваявала 5 залатых, 8 сярэбраных і 10 бронз. медалёў. Чэмпіёнамі сталі А.​Данілік і І.​Фядотава (веласпорт), Р.​Макараў (плаванне), Р.​Сівіцкі (скачкі ў вышыню), В.​Шулякоўская (бег на 200 м).

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́ННІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні ў кіданні на далёкасць спарт. снарадаў (кап’ё, дыск, молат, мяч, граната), у штурханні ядра. Спаборніцтвы па кіданні дыска і кап’я ўваходзілі ў праграму стараж.-грэч. Алімп. гульняў (з 708 да н.э.). К.л. ўключаны ў праграму сучасных Алімп. гульняў (кіданне дыска і штурханне ядра — з 1896, кіданне молата — з 1900, кап’я — з 1906), чэмпіянатаў свету, Еўропы па лёгкай атлетыцы і інш. буйнейшых спаборніцтваў. На Беларусі спаборніцтвы па Кл. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, кіданні дыска і кап’я). Першы чэмпіянат рэспублікі па лёгкай атлетыцы, у т. л. па Кл., адбыўся ў 1924 (Мінск).

Бел. спартсмены неаднаразова дасягалі перамог: у кіданні дыска — Г.​Калнаотчанка (уладальнік Кубка свету, 1985, чэмпіён СССР, 1983, 1985), Э.​Зверава (чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні кап’я — М.​Грэбнеў (уладальнік Кубка Еўропы, 1977, чэмпіён СССР, 1977), Н.​Каленчукова (дзявочае Ермаловіч; чэмпіёнка СССР, 1984—85, 1987), Н.​Шыкаленка (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, 1992, г. Барселона, Іспанія, чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні молата — І.​Астапковіч (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, чэмпіён Еўропы, 1990), А.​Балтоўскі (чэмпіён СССР, 1962), Р.​Клім (чэмпіён XVIII Алімп. гульняў, 1964, Токіо, сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў, 1968, Мехіка, чэмпіён Еўропы, 1963, 1965—66, шматразовы чэмпіён СССР); М.​Крываносаў (сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў, 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; чэмпіён Еўропы, 1954; чэмпіён СССР, 1952, 1954—55, 1957—58); В.​Рудзянкоў (чэмпіён XVII Алімп. гульняў, 1960, Рым, чэмпіён СССР, 1959—61); у штурханні ядра — С.​Каснаўскас (рэкардсмен СССР, 1984).

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)