ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
М.Ф.Шумейка.
т. 9, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,
баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн. партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.
Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)