ВАЛКАВА́ЛЬНІК тарфяны,

машына для збірання сухога фрэзернага торфу ў валкі перад складваннем яго ў штабель бункернай уборачнай машынай. Найб. пашыраны універсальныя прычапныя валкавальнікі маркі МТФ-ЗЗБ, выкарыстоўваюцца таксама скрэперы-валкавальнікі МТФ32 для валкавання і фрэзеравання торфу, ротарны шчотачны валкавальнік МТФ-37 і пнеўматычны ПВП-8. Рабочыя апараты валкавальніка МТФ-ЗЗБ складаюцца з рамы на колах і шарнірна падвешаных да яе 4 пар скрабкоў. Шыр. захопу 18—19 м, рабочая скорасць 10,7 км/гадз, прадукцыйнасць 11—12 га/гадз.

Б.​А.​Багатаў.

Рабочы апарат валкавальніка МТФ-ЗЗБ: 1 — вупражныя ланцугі; 2 — скрабкі; 3 — пярэдняя рама; 4 — апорныя колы; 5 — пласціністыя звёны; 6 — задняя рама; 7 — кансольная цяга.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́Ц,

1) найпрасцейшы тып коранеклубнясховішча, які наз. таксама бурт, штабель бульбы або агародніны, укладзены на паверхню глебы ці ў неглыбокі (0,2—0,5 м) катлаван і ўкрыты слоем саломы і зямлі.

Таўшчыня ўкрыцця залежыць ад кліматычнай зоны і звычайна роўная глыбіні прамярзання глебы. Шырыня К. для бульбы 1,8—2 м, для агародніны 1,5—2 м, даўжыня для бульбы 10—15 м, для морквы 3—4 м. Робяць К. на ўзвышаных участках рэльефу з пакатым схілам на лёгкіх ці сярэдніх глебах. Для механізаванага ўкрыцця выкарыстоўваюць спец. буртаўкрыўшчыкі. У К. добра захоўваюцца толькі якасныя і лежказдольныя караняплоды.

2) Пашыраная ў некаторых месцах Беларусі (пераважна на Палессі) назва стараж. курганоў.

3) Межавы знак у ВКЛ у 15—18 ст. у выглядзе землянога насыпу з дамешкамі камянёў, бітай керамікі, шкла і інш.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г.жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)