Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЭ́ННЕў дрэваапрацоўцы,
папярочнае рэзанне на лушчыльным станку цыліндрычнай кароткай загатоўкі з драўніны (цурбака) плоскім нажом з прамалінейным рэжучым кантам. Стружка (лушчаная шпона) мае выгляд неперарыўнай стужкі пастаяннай таўшчыні, выкарыстоўваецца для вытв-сці фанеры, драўнянаслаістых пластыкаў, клееных загатовак і для абліцоўкі вырабаў з драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРЫСАЎДРЭ́Ў»,
вытворчае дрэваапр. аб’яднанне ў г. Барысаў. Адно з буйнейшых на Беларусі. Створана ў 1971 на базе Барысаўскага фанерна-запалкавага камбіната (дзейнічаў з 1901 як Барысаўская запалкавая фабрыка «Бярэзіна»). Уключае Барысаўскі дрэваапр. камбінат (дзейнічае з 1912), Барысаўскі леспрамгас. Асн. прадукцыя (1995): піламатэрыялы, фанера, драўнінна-стружкавыя пліты, шпона, запалкі, мэбля кухонная, дзіцячая, мяккая, гарнітуры мэблевыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1915 у г. Мазыр Гомельскай вобл. як лесапільны з-д. У 1922—23 пачаў перабудоўвацца, наз. «Пралетарый» У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Архангельск, разбураны. У 1945—49 адноўлены як М.д.к. У 1954—63 уведзены ў эксплуатацыю цэхі: раскроечна-загатовачны з сушыльнай гаспадаркай, мэблевы па вытв-сці драўнянастружкавых пліт (ДСП). У 1971 на базе М.д.к. створана ВА «Мазырдрэў», у складзе якога Мазырская, Ельская і Калінкавіцкая мэблевыя ф-кі, а з 1978 — Ельскі і Тураўскі леспрамгасы. У 1992 ВА «Мазырдрэў» стала арэндным прадпрыемствам, ад яго аддзяліліся Тураўскі леспрамгас і Калінкавіцкая ’мэблевая ф-ка. З 1997 адкрытае акц.т-ва «Мазырдрэў». Асн. прадукцыя (1999): корпусная і інш. мэбля, ДСП, піламатэрыялы, паркет, струганая шпона, вырабы дрэваапрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫЯ СТАНКІ́,
станкі для апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. На іх вырабляюць загатоўкі, дэталі і вырабы зададзеных формаў і памераў з паверхняй неабходнай якасці. Падзяляюцца на станкі, якія працуюць без здрабнення драўніны (стругальныя станкі, лушчыльныя станкі, нажніцы) і якія здрабняюць частку драўніны.
Да Д.с., якія працуюць са здрабненнем часткі драўніны, адносяцца: пілавальныя (лесапільныя рамы, стужачнапільныя станкі, круглапільныя станкі), фрэзерныя станкі (у т. л.фугавальныя станкі, рэйсмусавыя станкі, шыпарэзныя станкі), свідравальныя станкі, даўбёжныя станкі, шліфавальныя станкі, такарныя станкі, акорвальныя і драбільныя. Адрозніваюць Д.с. адна- і многашпіндэльныя; нізкай, сярэдняй, высокай дакладнасці і асабліва дакладныя; агульнага прызначэння, спецыялізаваныя і спецыяльныя. На Беларусі Д.с. і інш.дрэваапрацоўчыя машыны выпускаюцца мінскімі ВА па выпуску аўтам. ліній, працяжных і адразных станкоў, Баранавіцкім з-дам аўтам. ліній, Гомельскім і Аршанскім станкабуд. з-дамі, Віцебскім з-дам заточных станкоў і інш.
А.А.Барташэвіч.
Функцыянальныя схемы дрэварэзальных станкоў: а — стужачнапільнага (1 — дыск, 2 — стужачная піла); б — круглапільнага (1 — пільны дыск, 2 — дэталь); в — рэйсмусавага (1 — нажавы вал); г — лушчыльнага (1 — цурбак, 2 — шпона, 3 — нож); д — 4-баковага стругальнага (1 — нажавыя галоўкі, 2 — нажавыя валы); е — свідравальнага; ж — шыпарэзнага (1 — фрэзы), з — шліфавальнага з кантактным прасікам (1 — дэталь, 2 — прыціскны прасік, 3 — шліфавальная стужка); і — шліфавальнага з кантактным вальцам (1 — шліфавальная стужка, 2 — дэталь).