АГЕ́НЦТВА ПА ШМАТБАКО́ВАЙ АХО́ВЕ ІНВЕСТЫ́ЦЫЙ, Міжнароднае агенцтва па гарантыях інвестыцый (Multilateral investment guarantee agency),
спецыялізаваная міжнар. арг-цыя ААН. Уваходзіць у Сусветны банк. Засн. ў 1988. Асн. мэты: доўгатэрміновае страхаванне прыватных інвестыцый на развіццё краін-удзельніц на выпадак рызыкоўных паліт. сітуацый (ахова ад рызыкі экспрапрыяцыі, незаконнага пераводу плацяжоў, ваеннай і грамадз. нестабільнасці і інш.), адкрыццё дарадчых і кансультацыйных службаў. У крас. 1992 аб’ядноўвала 77 краін-удзельніц, у т. л. Рэспубліку Беларусь (з 1992).
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,
замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМ БССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш. міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.
Літ.:
Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.
У.Е.Снапкоўскі.
т. 12, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)