«Шлюбныя танцы» (у жывёл) 7/283

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),

у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС АБ ШЛЮ́БЕ І СЯМ’І́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КаШС),

адзіны сістэматызаваны заканад. акт Рэспублікі Беларусь, які змяшчае нормы, што рэгулююць шлюбныя і сямейныя адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 13.6.1969 і дзейнічае з 1.11.1969 з наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Складаецца з прэамбулы і 5 раздзелаў: агульныя палажэнні; шлюб; сям’я; акты цывільнага стану; прымяненне нац. заканадаўства аб шлюбе і сям’і да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама прымяненне законаў аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і міжнар. дагавораў і пагадненняў. Нормы КаШС устанаўліваюць парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, падставы яго спынення і прызнання несапраўдным, рэгулююць асабістыя і маёмасныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. родзічамі, рэгламентуюць пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з усынаўленнем, апекай, папячыцельствам, запісам актаў цывільнага стану.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.​Р.​Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.​С.​Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.​В.​Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.​Д.​Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.

Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.

Глушэц: 1 — самец у час такавання; 2 — самка.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак,

перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;

Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)