Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Шлак (пры зварцы металаў) 11/336
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Шлак (у металургіі) 2/312; 4/258; 5/297; 11/336
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУДААДНАЎЛЯ́ЛЬНАЯ ПЕЧ, руднатэрмічная печ,
нізкашахтавая дугавая печ для выплаўкі пераважна ферасплаваў з рудных матэрыялаў. Электроды ў Р.п. апушчаны ў шыхту, якая загружаецца зверху. Метал і шлак выпускаюцца праз ляток у ніжняй частцы шахты. Гл. таксама Ферасплаўная печ.
т. 13, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫ́ТНАЯ ПЛА́ЎКА,
перапрацоўка сумесі пірытных медных руд з кварцам і вапняком пры нязначным расходзе коксу (2—4%). Цеплата, неабходная для плаўлення, вылучаецца пераважна ў выніку акіслення сульфіду жалеза. Ажыццяўляюць у шахтавых печах у моцна акісляльнай атмасферы. Прадукты П.п. — медны штэйн, сярністы газ і шлак.
т. 12, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,
выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.
У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.
т. 6, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
эластычныя ці порыстыя пракладачныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца для гашэння шумаў і вібрацый (гукаізаляцыі); разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Класіфікуюцца аналагічна гукапаглынальным матэрыялам. Да гукаізаляцыйных матэрыялаў адносяць драўняна-валакністыя пліты, маты, пліты на аснове шкляной і мінер. ваты, валокнаў азбесту, эластычных парапластаў, пракладкі з гумы, а таксама прыродныя і штучныя сыпкія матэрыялы (пясок, шлак і інш.). Выкарыстоўваюцца ў міжпаверхавых перакрыццях, унутр. сценах (паміж панэлямі), фундаментах машын, гукаізаляцыйных кажухах і інш.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЬТР (ад бія... + фільтр),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв. біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.
т. 3, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
т. 10, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)