БРЭ́МСБЕРГ (ням. Bremsberg),

1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).

2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНОАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для пач. апрацоўкі льняной трасты ці саломкі. Аддзяляюць валакно ад кастрыцы і ачышчаюць яго. Выкарыстоўваюцца: мяльна-трапальныя агрэгаты, якія ўключаюць ільнамялкі (размінаюць трасту, прапускаючы яе праз вальцы) і льнотрапальныя машыны (аддзяляюць доўгія валокны ад мятай трасты); трасільныя і кудзелепрыгатавальныя машыны (выдзяляюць кароткае валакно з адходаў трапальных машын). І.м. ўстанаўліваюцца ў закрытых памяшканнях, выкарыстоўваюцца ў паточных ільноапрацоўчых лініях.

П.​П.​Казакевіч.

Да арт. Ільноапрацоўчыя машыны: а — ільноканоплемялка (1 — транспарцёр, 2 — мяльны апарат, 3 — стол падачы, 4 — кастрыцаадвод); б — ільнотрапальная машына (1 — трапальныя секцыі, 2 — заціскныя транспарцёры секцый, 3 — вядзёны шкіў секцыі, 4 — нацяжныя ролікі).

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.

Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ФТА (ад ням. Muffe),

прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).

М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл. Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.

Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)