БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
т. 2, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 1013.2.1927 у Мінску. Прысутнічала 187 дэлегатаў ад 240 краязн. арг-цый (аб’ядноўвалі больш за 9 тыс. чл.). Адбыліся 2 пленарныя пасяджэнні, працавалі секцыі: прыродна-геагр., культ.-гіст., школьна-краязн., яўрэйская. З’езд заслухаў справаздачны даклад Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК, А.З.Казак), адзначыў пашырэнне краязн. руху — заснаванне шэрагу мясц. музеяў і бібліятэк, з’яўленне краязн. вопісаў некат. раёнаў, збіранне вуснай нар. творчасці і слоўнікавага матэрыялу, практычнай і метадычнай падрыхтоўкі краязнаўцаў. Была зацверджана арганізац. структура краязнаўства рэспублікі: пярвічная адзінка — гурток; працу гурткоў аб’ядноўвалі раённыя і акр. т-вы; узначальвала, накіроўвала і каардынавала краязн. работу ЦБК пры Інбелкульце, якое распрацоўвала інструкцыі, праграмы, метадычныя дапаможнікі, апрацоўвала дасланыя краязн. матэрыялы, выдавала час. «Наш край».
В.С.Вяргей.
т. 6, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)