ПРАМПА́РТЫІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс у Маскве 25.11—7.12.1930. Паводле сфальсіфікаваных матэрыялаў група інж.-тэхн. інтэлігенцыі з 8 чал. (сярод іх вучоны-цеплатэхнік Л.​К.​Рамзін) абвінавачвалася ў стварэнні антысав. падпольнай арг-цыі (т.зв. Прампартыі) і ажыццяўленні ў 1925—30 шкодніцтва ў прам-сці і на транспарце. 5 чал., у т. л. Рамзін, прыгавораны да расстрэлу (заменены Прэзідыумам ЦВК на 10 гадоў пазбаўлення волі), 3 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. У лют. 1936 ЦВК СССР памілаваў некат. асуджаных. У канцы 1980-х г. усе падсудныя рэабілітаваны.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л МЕНШАВІКО́Ў»

(«БФМ»),

назва арг-цыі, прыдуманай у ліп. 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканам. развіцця Беларусі. Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—30. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся А.​І.​Шэйнін і І.​Я.​Герцык (дацэнты БДУ), І.​М.​Рубенчык (урач), В.​Ф.​Берман і І.​Л.​Гарміза (супрацоўнікі Белкаапсаюза). Ячэйкі «арг-цыі» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Нар. камісарыяце забеспячэння, фін. органах і спажывецкай кааперацыі БССР. Членам «БФМ» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэв. л-ры, антысав. прапаганды. Да крымін. адказнасці прыцягнута 30 чал., 11 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях арыштаваных («прызналіся» 12 чал.) і сведак. Паводле рашэння Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 6 чал. да 10 гадоў, 9 — да 5 гадоў, 7 — да 3 гадоў лагераў, астатнія да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў. У 1957 усе чл. «БФМ» рэабілітаваны.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРШ-СА́БЛІН (сапр. Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч

(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),

бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел. маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял. Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.​Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.​Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.​Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.​Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.​Спешневым, П.​Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.

Літ.:

Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973;

Яе ж. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980.

Е.​Л.​Бондарава.

У.У.Корш-Саблін.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)