Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,
вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.
Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр.ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс.ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,
вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд.ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.
Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс.чал.) пад камандаваннем Пятра І і А.Д.Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс.чал.) ген. А.Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.Х.Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс.чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр І назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра І прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл.Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВА (Narva),
горад у Эстоніі, на левым беразе р. Нарва, за 14 км ад яе ўпадзення ў Фінскі зал. 83 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: баваўняная, дрэваапр., маш.-буд. і металаапр., харч. і інш. 2 ГРЭС, ГЭС. Н. злучана мостам цераз р. Нарва з г. Івангорад (Расія). Гіст. музей. Замак (13—15 ст.), гар. ўмацаванні (14 ст.), ратуша (17 ст.).
У рускіх летапісах згадваецца з 1171 пад назвай Ругодивъ. У пач. 13 ст. вядома як в. Нарвія. У 1220—1346 належала Даніі, у 1346—58 — Лівонскаму ордэну. У Лівонскую вайну 1558—83 заваявана войскамі Івана Грознага (1558), апорны пункт Расіі на Балтыйскім м. У 1581 захоплена Швецыяй. У Паўночную вайну 1700—21 каля Н. шведы разграмілі рус. войскі. У 1704 Пётр I узяў горад штурмам і далучыў да Расіі. Да 1722 пав. (пазней заштатны) горад Пецярбургскай губ. У сярэдзіне 19 ст. буйны цэнтр тэкст. прам-сці. У 1857 тут засн. Крэнгольмская мануфактура. У 1918 Н. ўвайшла ў Эстляндскую працоўную камуну. У 1919—40 і з 1991 у Эстонскай Рэспубліцы, у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).