Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар. вял. майстар),

вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.​Гельфанд, В.​Дыдышка, А.​Заяц, К.​Зварыкіна, А.​Кавалёў, В.​Купрэйчык, Ю.​Шульман, Р.​Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.​Альтшуль, А.​Балякін, Я.​Ватуцін, А.​Гантварг, В.​Камышлеева, М.​Кац, І.​Пашкевіч, А.​Плакхін, А.​Прэсман, З.​Садоўская, Л.​Сахненка.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАЛЕ́ВІЧ (Барыс Прохаравіч) (22.4.1900, Мінск — 21.2.1928),

бел. спартсмен (рускія шашкі). Першы на Беларусі майстар спорту па шашках (1924). Займаў 5-я месцы на 1-м (1924) і 2-м (1925) чэмпіянатах СССР. Чэмпіён Мінска (1922).

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІЯ́ДА [грэч. Olympias (Olumpiados)],

1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).

2) Тое, што Алімпійскія гульні.

3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).

4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.

5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 10.11.1948, Алматы),

бел. спартсмен (міжнар. шашкі). Міжнар. гросмайстар (1994). Засл. трэнер СССР (1984).

Скончыў БДУ (1971). Чэмпіён Сусв. шашачнай алімпіяды (1992) у складзе зборнай каманды Беларусі. Падрыхтаваў трох чэмпіёнак свету па міжнар. шашках — А.​Альтшуль, З.​Садоўскую і Л.​Сахненка. З 1994 у ЗША.

Б.Кац.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)