Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ Самойла, майстар касцяной справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. вывезены ў Маскву, працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля ў арцелі па маст. апрацоўцы косці. У 1661 вырабіў (з Кірушкам Сцяпанавым, Івашкам Мікіціным, Івашкам і Данілам Грыгор’евымі) з слановай косці шахматы. У 1680 асабіста вытачыў 2 камплекты шахматаў са слановай косці для цара: у адным фігуркі людзей з бердышамі і ружжамі выкананы ў тэхніцы разьбы, у другім — фігуркі гладкія точаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл.драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.
Дзейнічаў з лют. 1908 да пач. 1-й сусв. вайны. Створаны ў Мінску Сінодам пры Мінскай епархіі па ініцыятыве інтэлігенцыі для збору і вывучэння старажытнасцей на тэр. Міншчыны. К-т праводзіў даследаванні і апісанні помнікаў даўніны і гісторыі, збор і запісы фальклору, вывучэнне манастырскіх архіваў, меў бібліятэку і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Члены к-та чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. У яго рабоце ўдзельнічалі вядомыя навукоўцы Дз.І.Даўгяла, А.А.Шахматаў. К-т выдаў зб. дакументаў «Мінская даўніна» і 1-ы вып. кнігі «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (1909).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́Кстудэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта,
культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.А.Разенфельд, стараста Б.А.Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.Ф.Карскі, Е.Р.Раманаў, А.А.Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).
Вокладка брашуры «Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навуковая ўстанова, створаная ў 1834 у Пецярбургу пры Мін-ве нар. асветы для выдання матэрыялаў археаграфічных экспедыцый. Створана як часовая, з 1837 пастаянная ўстанова для збору, апісання і выдання гіст. дакументаў. Выдавала зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Каўказа 14—18 ст., у т. л. Поўны збор рускіх летапісаў, Акты гістарычныя, Акты Заходняй Расіі, Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі. З 1872 выходзіла «Руская гістарычная бібліятэка», у 1862—1929 — «Летапіс заняткаў Археаграфічнай камісіі». У рабоце археаграфічнай камісіі ўдзельнічалі І.С.Анацэвіч, І.І.Грыгаровіч, М.І.Кастамараў, П.М.Строеў, М.І.Сямеўскі, А.А.Шахматаў і інш. З 1922 археаграфічная камісія ў складзе Акадэміі навук, у 1926 аб’яднана з Пастаяннай гіст. камісіяй АНСССР у Пастаянную гіст.-археаграфічную камісію, якая ў 1931 рэарганізавана ў Гіст.-археаграфічны ін-т. У 1956 пры аддзяленні гіст. навук АНСССР створана археаграфічная камісія, якая каардынавала археаграфічную дзейнасць ва ўстановах АН, выдавала «Археографический ежегодник». У 1864—1915 існавала Віленская археаграфічная камісія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел.нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш.ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.Карскі, А.Шахматаў, праф. М.Любаўскі, М.Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,
адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Паўль, Г.Гірт, В.Штрэйтберг, І.Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.Ф.Фартунатаў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Шахматаў у Расіі, М.Брэаль, А.Мее ў Францыі, Г.І.Аскалі ў Італіі, С.Буге, К.Вернер у скандынаўскіх краінах, У.Уітні ў ЗША, Я.Развадоўскі, Я.Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн.навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.Царнке.
Літ.:
Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.