Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́Н,
дэталь крывашыпна-паўзуннага механізма (гл.Крывашыпны механізм), якая слізгае ў прамалінейных накіравальных. Шарнірна звязаны з шатуном. Перадае папярочныя намаганні на накіравальныя, падоўжныя — на шатун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,
механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.
Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.
Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),
машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.
Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).