Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСНІ́ЧНЫЯ ЧЭ́РВІ,
турбелярыі (Turbellaria), клас плоскіх (пляскатых) чарвей. 2 падкл., 11 (12) атр., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах усіх шырот (у трапічных лясах трапляюцца наземныя формы). Свабоднажывучыя, пераважна донныя формы. Асобныя віды — паразіты беспазваночных (ігласкурых, малюскаў, ракападобных і інш.).
Даўж. ад доляў міліметра да 60 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, укрыта раснічным эпітэліем (адсюль назва). Поласць цела запоўнена парэнхімай. Большасць відаў — драпежнікі. Гермафрадыты. Развіццё палавое, прамое або з метамарфозам, у некат. — бясполае, дзяленнем.
Літ.:
Иванов А.В., Мамкаев Ю.В. Ресничные черви (Turbellaria), их происхождение и эволюция. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),
клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн.г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр.галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;