ШАРО́ВА Аляксандра Міхайлаўна (19.8.1936, в. Калінка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.8.1995),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-ртэхн.н., праф. (1992). Скончыла Кіеўскі політэхн.ін-т (1958). З 1965 у Магілёўскім машынабудаўнічым ін-це (у 1995 заг. кафедры). Навук. працы па фізіцы і тэхналогіі магнітаграфічнага метаду кантролю зварных метал. злучэнняў.
Тв.:
Контроль качества сварки магнитографическим методом. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСНІ́ЧНЫЯ ЧЭ́РВІ,
турбелярыі (Turbellaria), клас плоскіх (пляскатых) чарвей. 2 падкл., 11 (12) атр., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах усіх шырот (у трапічных лясах трапляюцца наземныя формы). Свабоднажывучыя, пераважна донныя формы. Асобныя віды — паразіты беспазваночных (ігласкурых, малюскаў, ракападобных і інш.).
Даўж. ад доляў міліметра да 60 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, укрыта раснічным эпітэліем (адсюль назва). Поласць цела запоўнена парэнхімай. Большасць відаў — драпежнікі. Гермафрадыты. Развіццё палавое, прамое або з метамарфозам, у некат. — бясполае, дзяленнем.
Літ.:
Иванов А.В., Мамкаев Ю.В. Ресничные черви (Turbellaria), их происхождение и эволюция. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАДЖЫ́КСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Мова таджыкаў, афіц. мова Таджыкістана. Пашырана ва Узбекістане, Афганістане, Іране, часткова ў Кіргізіі і Казахстане. Мае дыялектныя групы: паўн. (гаворкі Бухары і Самарканда, Ферганскай даліны, Ура-Цюбе, Пенджыкента і інш.), цэнтр. (верхнезераўшанская), паўд. (каратэгінскія, кулябскія, рогскія і бадахшанскія), паўд.-ўсх. (дарвазская). У сучаснай літ. Т.м. 6 галосных, 24 зычныя; націск дынамічны, пераважна на апошнім складзе. Паводле грамат. ладу належыць да аналітычных моў. Літ. Т.м. ўзыходзіць да класічнай персідска-таджыкскай мовы (9—15 ст.) — адзінай крыніцы для тых, хто гаворыць на персідскім, таджыкскім і афганскім дары. Першыя пісьмовыя помнікі на арабскай графіцы. Пісьменства Т.м. ў Таджыкістане на аснове кірыліцы.
Літ.:
Соколова В.С. Фонетика таджикского языка. М.; Л., 1949;
Расторгуева В.С. Опыт сравнительного изучения таджикских говоров. М., 1964;
Ефимов В.А. Расторгуева В.С., Шарова Е.Н. Персидский, таджикский. дари // Основы иранского языкознания: Новоиран. языки. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),
клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн.г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр.галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА НЕРАЗБУРАЛЬНАГА КАНТРОЛЮ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам акад. М.С.Акулава. Яго працы па ферамагнетызме сталі навук. асновай узаемасувязі паміж магн. і трываласнымі характарыстыкамі металаў, асновай магн. метаду неразбуральнага кантролю. Асн. задачамі галіны з’яўляюцца адкрыццё, даследаванне і выкарыстанне новых фіз. з’яў і магчымасцей для выяўлення паверхневых і ўнутр. дэфектаў, кантролю таўшчыні і адгезіі пакрыццяў, структуры і фіз.-мех. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў без іх разбурэння. У 1963 створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, які ў 1980 рэфармаваны ў Ін-т прыкладной фізікі АН Беларусі.
У наш час Ін-т прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі — галаўная навук.арг-цыя па выкананні дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў па фізіцы неразбуральнага кантролю «Дыягностыка». Выканаўцамі праграмы з’яўляюцца Ін-т механікі і надзейнасці машын, Ін-т механікі металапалімерных сістэм, Н.-д. і канструктарска-тэхнал.ін-т зваркі і ахоўных пакрыццяў Бел.навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі Нац.АН Беларусі, а таксама Бел.нац.тэхн.ун-т, БДУ, Бел.-рас.ун-т (г. Магілёў), Бел.ун-т транспарту і шэраг інш.ВНУ.
Атрыманы фундаментальныя навук. вынікі ў галіне фізікі магн., эл.-магн., радыёхвалевых, акустычных, капілярных і інш. метадаў неразбуральнага кантролю. Ва ўсім свеце прызнаны бел.навук. школы: па інфарм. тэхналогіях кантролю дынамічных аб’ектаў (В.М.Арцём’еў); па тэорыі капілярнай дэфектаскапіі (М.П.Мігун, П.П.Прахарэнка); па магн. структураскапіі і магн. вымярэннях (У.Ф.Мацюк, М.А.Мяльгуй); па стварэнні магн. палёў з зададзеным прасторавым размеркаваннем (А.А.Лухвіч); па магн. і эл.-магн. метадах неразбуральнага кантролю (М.М.Зацэпін); па неразбуральным кантролі фіз.-мех. уласцівасцей металаў і палімераў метадам дынамічнага індэнтыфікавання (В.А.Рудніцкі); па радыёхвалевай структураскапіі дыэлектрычных асяроддзяў (В.А.Міхнеў); па кантролі ўласцівасцей магнітамяккіх матэрыялаў (І.І.Бранавіцкі); па тамаграфічнай візуалізацыі ўнутр. будовы матэрыялаў і вырабаў (В.Л.Венгрыновіч); па магнітаграфічным кантролі (У.А.Новікаў, А.М.Шарова); па цеплавых метадах кантролю (У.А.Драгун); па стандартызацыі ў неразбуральным кантролі (У.А.Саламаха).
Распрацаваныя ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі імпульсныя магн. аналізатары мех. характарыстык укаранёны на буйнейшых металург. прадпрыемствах Расіі і Украіны (напр., «Поўначсталь», Магнітагорскі, Наваліпецкі, Марыупальскі металург. камбінаты), шэрагу прадпрыемстваў ФРГ.
Шырока выкарыстоўваюцца фіз. метады кантролю ў заводскіх лабараторыях буйнейшых прамысл. прадпрыемстваў краіны: мінскіх аўтамаб. (П.С.Гурчанка), трактарнага, маторнага, падшыпнікавага, станкабуд. з-даў, ВА «Гарызонт» і «Атлант», Бел. металург. з-да, гродзенскага ВА «Азот», наваполацкага ВА «Палімір» і інш. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі па фізіцы неразбуральнага кантролю вядзецца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі, Бел.-рас. ун-це, Бел.нац.тэхн. ун-це, дзе існуюць аспірантура, дактарантура і спецыялізаваныя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Падрыхтоўка інж. кадраў вядзецца ў Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це, Бел. ун-це транспарту і інш.ВНУ.
Літ.:
Прохоренко П.П. Достижения физики неразрушающего контроля. Мн., 2003.
П.П.Прахарэнка.
У лабараторыі магнітных метадаў кантролю Інстытута прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі. Загадчык лабараторыі У.Ф.Мацюк (злева) і заслужаны вынаходнік Беларусі М.А.Мяльгуй.Распрацоўкі Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай АН Беларусі: 1 — Нацыянальны эталон адзінкі магнітнай індукцыі Рэспублікі Беларусь; 2 — аўтаматызаваная ўстаноўка для кантролю поршняў дызельных рухавікоў; 3 — тэрмаэлектрычная прылада ПІТ; 4 — імпульсны магнітны аналізатар ІМА-4М; 5 — магнітны таўшчынямер тыпу МТЦ.