ХОРС,
адзін з язычніцкіх багоў усх. славян. Упамінаецца пад 980 у «Аповесці мінулых гадоў». У «Слове аб паходзе Ігаравым» наз. «велики Хьрс» (г.зн. самы шаноўны). Верагодна, Х. лічылі адным з божышчаў Сонца, апекуном земляробства. Ідал Х. разам з інш. быў пастаўлены кн. Уладзімірам Святаславічам у Кіеве каля яго «двара церамнага». З пашырэннем хрысціянства культ Х. знік і не пакінуў слядоў у нар. вераваннях і фальклоры.
т. 17, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА, бабка-павітуха,
у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Т.І.Кухаронак.
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)