шампанскае

т. 17, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІРАВА́НЫЯ НАПІ́ТКІ,

напіткі, насычаныя вуглякіслым газам да 5—10 г/л. Маюць своеасаблівы прыемны смак, асвяжальныя ўласцівасці і т.зв. пеністасць (інтэнсіўнае і працяглае выдзяленне бурбалачак газу). Вуглякіслы газ за кошт кансервавальных уласцівасцей павышае ўстойлівасць газіраваных напіткаў пры захоўванні. Натуральнае газіраванне напіткаў (шампанскае, сідр, піва, пеністае віно, хлебны квас) адбываецца пры браджэнні. Фруктовыя і мінер. воды, шыпучыя віны і ваду газіруюць у спец. апаратах (сатуратары, акратафоры) мех. увядзеннем і растварэннем у вадкасці вуглякіслага газу.

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНО́,

1) вінаграднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць поўным ці частковым спіртавым браджэннем вінаграднага соку (сусла) ці мязгі (здробненага вінаграду). Для прыгатавання выкарыстоўваюць вінаград тэхн. спеласці ці правялены да цукрыстасці не больш як 40% (гл. Вінаробства).

Віно мае ў сабе ваду і этылавы спірт, арган. к-ты (у асноўным яблычную і вінную, а таксама лімонную, малочную, воцатную і інш.), цукры (глюкозу і фруктозу), дубільныя і мінер. рэчывы, вітаміны (P, B1, B6, PP, B12 і інш.). Віно вінаграднае вызначаецца высокай каларыйнасцю (1 л сухога віна дае 2,5—3,3 кДж), бактэрыцыднымі ўласцівасцямі.

Віно вінаграднае падзяляюць на сартавое (вырабляюць з вінаграду аднаго сорту) і купажнае (з сумесі розных сартоў), «ціхае» (без лішкаў дыаксіду вугляроду) і насычанае дыаксідам вугляроду: пеністае (напр., шампанскае), шыпучае ці газіраванае. «Ціхія» віны адрозніваюць паводле саставу (гл. табл.). <TABLE> Па якасці віны падзяляюць на ардынарнае (вытрымка да 1 года), марачнае (вытрымка 1,5—2 гады), калекцыйнае (вытрымка на менш як 3 гады). Па колеры адрозніваюць белае, ружовае і чырвонае.

2) Віно пладова-ягаднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць браджэннем сокаў дзікарослых і культ. пладоў і ягад (журавін, брусніц, малін, яблыкаў, сліў і інш.) з дабаўленнем вады і цукру. У выніку браджэння ў віне ўтвараецца да 6% (аб’ёмных) спірту. Мацунак такіх він павышаюць да 9—20% дабаўленнем спірту-рэктыфікату.

С.П.Самуэль.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.

Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн. т вінаграднага віна, найб. (1994; млн. т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн. т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.

Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)