КІРЫ́ЛА-БЕЛАЗЕ́РСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік рускага дойлідства 15—17 ст. Размешчаны ў г. Кірылаў Валагодскай вобл. (Расія) на беразе воз. Сіверскае. Засн. ў 1397 як мужчынскі. Комплекс складаецца з ансамбляў б. Успенскага і Іванаўскага манастыроў («Стары горад»), «Новага горада» і крэпасці Астрог (не захавалася) паміж імі. Манастыр абкружаны крапаснымі сценамі (16 ст., будаўнікі К.​Сяркоў, С.​Шам) з манум. вежамі, аздобленымі ўзорамі з цэглы. На тэр. манастыра Успенскі сабор (1497—98, дойлід Прохар Растоўскі; у інтэр’еры 5-ярусны іканастас 15—18 ст., фрэскі 1641), цэрквы Увядзенская (1519), надбрамная са «Святой брамай» (1523), Архангела Гаўрыіла (1531—34), Вял. бальнічныя палаты (канец 16 — пач. 17 ст.) і інш. З 1924 музей-запаведнік.

Літ.:

Варюхичев А.Г. Слово о граде Кириллове. [3 изд.] Архангельск, 1990.

Кірыла-Белазерскі манастыр.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛА (Язэп) (Восіп Лявонавіч; псеўд. Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша і інш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял. сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.​Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вер шам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.​Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.​Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.​Абуховіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, Я.​Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.​Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.​Канапніцкай, п’есы Я.​Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.​Сінклера «Злодзей», Я.​Яноўскага «Гнеў» і інш.

Тв.:

Творы. Мн., 1981.

Літ.:

Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;

Родчанка Р. Язэп Дыла // Беларусь. 1984. № 10.

А.​В.​Мальдзіс.

Я.Дыла.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н, Султанат Аман,

дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Амана.
Да арт. Аман. Вароты г. Маскат.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)