КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),
чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар. арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел. нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).
Літ.:
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;
Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.
Л.С.Мухарынская.
т. 8, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)