Вялікія Чучавічы (в.) 1/215; 3/266, 339 (к.); 6/440 (к.); 11/40
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ЧУ́ЧАВІЧЫ,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр Чучавіцкага с/с і калгаса. За 48 км на Пн ад г. Лунінец, 288 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Люшча. 2502 ж., 866 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1846—51).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.
На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 82,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лунінец. Уваходзяць рабочы пас.Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.
Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб.меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс.га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 91,5 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в.Вял.Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАЗІ́Н (франц. magazin ад араб. сховішча, склады),
1) прадпрыемства рознічнага гандлю, якое выступае як юрыд. асоба. Падзяляюцца на спецыялізаваныя з абмежаваным асартыментам тавараў (хлебныя, агароднінна-садавінныя, малочныя, мэблевыя, кніжныя, абутковыя, гатовага адзення, гасп. і неспецыялізаваныя з больш шырокім асартыментам тавараў. Існуюць мяшаныя прадуктова-прамысл. М. Пашыраны універсальныя М. са спецыялізаванымі секцыямі, М. самаабслугоўвання, салоны-М., М.-аўтаматы; у гандл. цэнтрах М. знаходзяцца ў адным комплексе з прадпрыемствамі грамадскага харчавання і гандлю.
2) Дылерская кампанія, якая займаецца купляй-продажам аблігацый.
3) Будынак, у якім захоўваліся грамадскія запасы прадуктаў (збожжа, крупы, мука, соль і інш.) на выпадак дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе. Былі пашыраны ў Літве, Польшчы, Расіі, на Украіне. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Будынак прамавугольны ў плане, звычайна з 4—5 уваходамі ў асобныя склады. 3 падоўжнага боку будавалі галерэю на слупах або вял. вынас страхі (в. Старобін Слуцкага р-на Мінскай вобл., 1825). Праз тарцы збудавання рабілі скразны праезд і засекі для прадуктаў па абодва яго бакі (в. Касарычы Глускага р-на Магілёўскай вобл., пач. 19 ст.). Сцены М. ставілі на высокіх мураваных фундаментах ці штандарах (в.Вял.Чучавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., 19 ст.). Паводле тыпавых праектаў дзярж. М. звычайна будавалі ў комплексе з некалькіх будынкаў, абкружалі іх равамі, агароджамі, будынкамі для аховы (г. Ваўкавыск, 1851).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШЫЎКА,
від дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, у якім узор ці выява выконваюцца ўручную (іголкай, часам кручком) або машынным спосабам на тканінах, скуры, лямцы і інш. матэрыялах ільнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, шаўковымі ніткамі, а таксама воласам, бісерам, жэмчугам, каштоўнымі камянямі, бліскаўкамі і інш. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) выкарыстоўваюцца кавалкі тканіны, тасьма, шнур, скура, аўчына і інш. Вышыўка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці, у розныя эпохі займала пэўнае месца ў дэкар. мастацтве (у Францыі папярэднічала габеленам, у Італіі — карункам). Шырока выкарыстоўвалася ў рытуальным адзенні народаў Усходу, культавым і княжацкім адзенні славянскіх народаў. Сусв. вядомасць набылі мсцёрская белая гладзь, красцецкая вышыўка, таржоцкія залаташвейныя вырабы, узбекскія і таджыкскія «сузані» і інш.
На Беларусі найб.стараж. ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках скуранога абутку 10—13 ст., знойдзенага пры раскопках гарадзішчаў Полацка, Мінска, Брэста, Ваўкавыска і інш. У 14—18 ст. вышыўка ўжывалася для аздаблення культавага ўбрання, адзення вышэйшага саслоўя і шляхты. Каляровым шоўкам, залатымі і сярэбранымі ніткамі аздаблялі тонкія льняныя тканіны, з якіх выраблялі адзенне, харугвы, плашчаніцы, абразы і інш.Стараж.бел. сюжэтная вышыўка (шытво) звязана з візант.-рас. і зах.-еўрап. іканапіснай традыцыямі. Арнаментальныя кампазіцыі пераплятаюцца з узорамі традыц. ўзорыстага ткацтва 18—19 ст. (мануфактуры па вырабе слуцкіх паясоў, карэліцкіх шпалераў і інш.). Здаўна вышыўка была адным з асн. заняткаў жанчын. Аздобленыя вышыўкай адзенне, абутак, тканыя бытавыя вырабы, дэкар. пано заўжды вызначаюцца мясц. кампазіцыйнымі і тэхн. прыёмамі, арнаментальнымі і выяўл. матывамі, колеравым ладам і г.д. Вышыўка падзяляецца на лічаную (выкананая з улікам структуры тканіны, калі для кожнага шыўка лічаць ніткі тканіны) і адвольную, або нялічаную. Да першай адносяцца процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка і інш., да другой — ланцужок («пляцёнка», «тамбур»), нялічаная гладзь, а таксама гафт, аплікацыя, абкідальныя швы і інш. У нар. мастацтве з 19 ст. пашыраны процяг, крыжык чырв. ці чырв.-чорнага каларыту, у 20 ст. — і адвольная паліхромная вышыўка. У арнаменце характэрныя кампазіцыі з геам. і раслінных фігур, радзей — антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Нар. вышыўка мае рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці. Для Зах. Палесся адметнае паўсюднае выкарыстанне шва процяг і крыжыка (кашулі, фартухі і наміткі нар. строяў, кажухі). Для Усх. Палесся характэрны разнастайнасць тэхн. прыёмаў, багацце арнаментальных матываў (рамбічны і расл. арнамент, птушкі, фігуры жанчын) з ёмістай і шматзначнай сімволікай. У турава-мазырскім строі 20 ст. пашыраны расл. паліхромны арнамент. Чорны і белы каларыт вышыўкі сустракаецца найчасцей у аздабленні летняга касцюма буда-кашалёўскага строю і неглюбскага строю. Адзін з найб. пашыраных матываў Прыдняпроўя — невялічкая шматпялёсткавая разетка, заключаная ў прамавугольныя ці рамбічныя ячэйкі або закампанаваная ў шахматным парадку. Самабытнасцю і тонкім маст. густам вызначаецца вышыўка Наддзвіння і Паазер’я, дзе пашырана белая або бела-чырвоная мярэжка, цыраванне з разнастайнымі фактурнымі вылучэннямі выяўл. і геам. матываў (вясельныя ручнікі, абрусы, падолы фартухоў). Вышыўка ўсх. раёнаў дапаўняецца чырв. ўстаўкамі кумачу, нашыўкамі тасьмы і бліскавак. Часам у чырв.-малінавы колер вышыўкі тактоўна ўводзяцца сіні і жоўты, якія павышаюць дэкар. выразнасць узораў. У вышыўцы Цэнтр. Беларусі спалучаюцца рысы нар. мастацтва ўсіх этнагр. рэгіёнаў (часцей процяг і крыжык). Высокі маст. ўзровень нар. майстроў капыльска-клецкага строю і пухавіцкага строю. Прыкметная сувязь з узорыстым ткацтвам (закладаннем) у геам. матывах чырв.-чорных вышыўках Случчыны, у аснове якіх — ромб розных абрысаў, дапоўнены зубчыкавымі паскамі, зоркамі і інш. Большай строгасцю і стрыманасцю вызначаюцца лінейна-графічныя арнаменты вышыўкі Панямоння (геам. і расл. ўзоры часцей выконваюцца крыжыкам у чырв.-чорным каларыце). Нар. вышыўка мае шмат агульнага з вышыўкай суседніх народаў (рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў). Цяпер традыц. ручная вышыўка бытуе ў нар. побыце. Яна набыла папулярнасць і сярод прафес. мастакоў, якія ствараюць сцэнічныя або модныя сучасныя касцюмы, дэкар. тканіны сувенірнага і быт. прызначэння. Машынная вышыўка па матывах народнай выкарыстоўваецца на ф-ках маст. вырабаў, у швейных атэлье і г.д. Творы майстроў экспануюцца на нац. і міжнар. выстаўках.
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. Мн., 1991.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вышыўка. Валан «рэльефнага гіпюру» (Венецыя). Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Вышыўка. Фрагмент арната ў Пінскім касцёле францысканцаў. 18 ст.Вышыўка насцілам па сетцы. Фрагмент абруса. Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына Віцебскай вобл.Вышыўка процягам. Фрагмент фартуха. Вёска Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Вышыўка крыжыкам. Рукаў кашулі. Вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобл.Вышыўка процягам. Намітка. Вёска Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Вышыўка. Хустка. Пскоўская вобл. (Расія). 19 ст.Да арт.Вышыўка. Касадэ з выявай слівы ў квецені (Японія). 1-я пал. 18 ст.Да арт.Вышыўка. Украінская мастацкая гладзь. 18 ст.