«БЕЛАРУ́С НА ЧУЖЫ́НЕ»,

бел. грамадска-палітычны часопіс. Выдаваўся ў 1947—50 у Лондане на бел. мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдавец — Бел. выд-ва ў Лондане, з 3-га нумара — Бел. нац. нар.-хрысц. рух. Гал. рэдактары А.​Надсон, Я.​Амор. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. жыццё бел. эміграцыі ў Англіі. Выйшлі 42 нумары. Спыніў існаванне з выхадам у Лондане друкаванага час. «На шляху».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),

магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМА́Л ХУДЖАНДЗІ́ (сапр. Камаладдзін ібн Масуд; ?, г. Худжанд, Таджыкістан — паміж 1391 і 1400),

таджыкскі паэт. Вучыўся ў Самаркандзе і Ташкенце. Аўтар дывана (зб-ка вершаў, складзеных па пэўнай кананічнай схеме), які ўключаў 14 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), захаваліся каля 8 тыс. бейтаў. У вершах матывы асуджэння беднасці, скаргі на адзіноту ў чужыне, крытыка духавенства з пазіцый суфізму. Важнае месца займала тэма кахання. Вершы стылістычна простыя з уласцівай ім каламбурнай рыфмоўкай, багатай аманіміяй.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотвореиия. Душанбе. 1958.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.​Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́БЧАНКА (Тамара Яўгенаўна) (н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.​Бандарчык, Г.​Маркінай, В.​Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.

Тв.:

Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;

Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),

кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М.; Л., 1962.

Літ.:

Серебряков Е.А. Ду Фу. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Рэгенсбургу, грамадская арганізацыя ў Германіі ў 1945—50, якая займалася культ.-асв., дабрачыннай дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў. Створаны ў жн. 1945 у амер. акупац. зоне для прадстаўніцтва бел. пасляваен. эміграцыі. У снеж. 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арг-цыю бел. нац. лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амер. акупац. ўладамі, К-там Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА), з інш. нац. камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам. Па ініцыятыве БНК у вер. 1945 у бел. лагерах былі адчынены 2 школы, у снеж. 1945 — першая бел. гімназія на чужыне (гл. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі бел. эмігрантаў.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),

дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час. «Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).

М.​М.​Міцкевіч.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (ЗБВБ),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.​Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.​Асіповіч (1953, 1955), П.​Навара (1954, 1957, 1966—70), У.​Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.​Здановіч (1995—96), В.​Еўдакімаў (з 1996), Л.​Міхалюк (з 1997) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ. ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.​Адважнага, Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, М.​Зарэцкага, Х.​Ільяшэвіча, Я.​Коласа, Р.​Мурашкі, К.​Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​В.​Гётэ, О.​Жупанчыча, І.​Франко і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)