Чудзь 9/130; 11/232

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

чудзь

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),

племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус: летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.

І.​М.​Язэпенка.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі

(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),

вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.​А.​Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн. 1. Мн., 1994.

С.​Дз.​Дзярновіч, Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)