Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна
(н. 25.12.1936, г. Гродна),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІКЕ́ЙЧЫК Анатоль Аляксандравіч
(11.7.1932, г. Барысаў — 3.2.1989),
бел. скульптар, педагог. Нар. мастак Беларусі (1972). Праф. (1981). Скончыў Бел. тэатр. маст. ін-т (1959; вучань А.А.Бембеля і А.К.Глебава), выкладаў (з 1978) у гэтым ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Для яго творчасці характэрна імкненне да гісторыка-рамант. трактоўкі тэм і вобразаў: помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну ў в. Хвойнікі Чэрвеньскага р-на (1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1976), А.М.Матросаву ў в. Чарнушкі на Пскоўшчыне (1978, у сааўт.); фантаны «Юнацтва» каля касцёла на пл. Незалежнасці і «Купалінкі» ў парку імя Я.Купалы ў Мінску (1972). Стварыў значныя творы на тэму Вял. Айч. вайны — мемарыялы «Прарыў», «Праклён фашызму». Вял. месца ў творчасці Анікейчыка займаў вобраз Я.Купалы: надмагілле паэта (1971, з А.Заспіцкім) на Вайсковых могілках у Мінску, помнікаў у Мінску (1972, з Л.Гумілеўскім, Заспіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у Ляўках Аршанскага р-на (1982), бронзавы бюст (1973) у Араў-парку ў Нью-Йорку, кампазіцыя «Восень паэта» (1980). Стварыў кампазіцыю «Сны пра Радзіму. М.Багдановіч» (1981), партрэты Л.Бетховена (1968), П.М.Машэрава, кампазітара Л.Гідравічуса (абодва 1980), Г.Ахматавай (1982); надмагіллі С.В.Прытыцкага (1975), М.Лынькова (1978), П.М.Машэрава (1983), У.Караткевіча (1986). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Літ.:
Крэпак Б.А. А.А.Анікейчык. Мн., 1980.
Э.Л.Петэрсон.
т. 1, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)