Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТЛА (ад грэч. titlos надпіс),
надрадковы знак, які ўжываўся ў стараж. (грэч., слав.) пісьменнасці і ўказваў на скарочанае напісанне слоў або лікавае значэнне літар.
У старабел. пісьменнасць Ц. перайшла са стараж.-рускай. Спачатку мела форму, блізкую да простай гарыз. рыскі над словам, потым колькасць яе варыянтаў павялічылася. Звычайна пісалася над агульнавядомымі кніжнымі словамі, Дзе апускаліся пераважна літары, якія абазначалі галосныя гукі: «г︮л︦с︦ъ︯» («голосъ»), «д︮н︦ь︯» («день»), «к︮р︦с︦т︦ъ︯» («крестъ»), «с︮н︦ъ︯» («сынъ»), «ц︮р︦ъ︯» («царъ»). Ужывалася над літарамі, якія абазначалі лікі і даты («купили жита з҃ копъ», «розделъ к҃г, «року≠афме месяца мая иі Дня»), над вынаснымі літарамі («праⷡ҇да», «чаⷭ҇). Розныя графічныя варыянты Ц. служаць палеаграфічнай прыкметай пры датаванні стараж. рукапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ,
спосаб запісу лікаў з дапамогай літар славянскіх алфавітаў. Выкарыстоўвалася ў Расіі як асн. да 18 ст.
Для надання літарам значэнняў лічбаў над імі ставіўся спец. знак — цітла (над кожнай літарай запісанага ліку, толькі над першай з іх ці над усім лікам). У лікаў, большых за 10, лічбы запісваліся злева направа ў парадку змяншэння дзесятковых разрадаў (часам пры запісе лікаў ад 11 да 19 адзінкі запісваліся раней 10). Для абазначэння больш высокіх разрадаў (тысяч і больш) ставіліся дадатковыя знакі.
Славянская нумарацыя: а — адпаведнасць паміж лічбамі і літарамі; б — прыклады запісаў лікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБЫ,
умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.
Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст.Гл. таксама Лічэнне.