Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ,
анаматапея, 1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай ўтварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.Лужанін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км2. Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км2. Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км2. Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км2). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт·гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т.л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т.л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т.л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км2. Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на 3 уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенггхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км2. У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км2, у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр.Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на УЛ.ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр.Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр.Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў ПаўдУсх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн. т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т.л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т.л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т.л. міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т.л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У BMC 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-раЛ. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.