Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Паскарэнне сілы цяжару 3/578, 581; 8/301
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,
стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,
паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,
метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец.гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ ЦЕ́ЛА,
сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.
З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
працэс атрымання значэнняў паскарэння свабоднага падзення ўздоўж профілю або па плошчы. Бывае агульная, пошукавая і разведвальная. Вымярэнні праводзяць гравіметрамі, гравітацыйнымі варыёметрамі, маятнікавымі прыладамі.
Агульную гравіметрычную здымку праводзяць з мэтай выяўлення рэгіянальных заканамернасцей паводзін поля сілы цяжару. Пошукавая гравіметрычная здымка выконваецца на асобных плошчах, напр., з перспектыўнымі радовішчамі карысных выкапняў; іх дакладнасць і дэталёвасць вызначаюцца геолага-пошукавымі задачамі. Разведвальную гравіметрычную здымку праводзяць пры рашэнні разведвальных задач на пэўных геал. аб’ектах або пры дэталізацыі структуры анамальнага поля сілы цяжару; вылучаецца найб. дэталёвасцю і дакладнасцю.