Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮСЕРСО́
(Du Cerceau, Ducerceau),
сям’я французскіх архітэктараў 16—17 ст.Жак I Андруэ (1510 ці 1512, Парыж — каля 1585), у 1531—33 працаваў у Італіі. Вядомасць прынеслі цыклы дакументальна дакладных афортаў з Выявамі помнікаў архітэктуры: «Кніга архітэктуры» (1559—61), «Антычныя аркі і манументы» (1560), «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі» (т. 1—2, 1576—79). У сваіх праектах (святочна-парадныя замкі Шарлеваль у Нармандыі, Вернёй-сюр-Уаз у Іль-дэ-Франсе) свабодна спалучаў элементы ант. і рэнесансавай італьян. архітэктуры. Жак II Андруэ (каля 1550—1614), з 1588 «архітэктар караля». Удзельнічаў у буд-ве Вял. галерэі Луўра і павільёна Флоры палаца Цюільры ў Парыжы (1600—08, не захаваўся).
Жак I Андруэ Дзюсерсо. Замак-лалац Вернёй-сюр-Уаз. З афорта цыкла «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі». 1576.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́
(Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.