Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Цэзура (у вершаскладанні) 1/240; 3/415; 8/375; 11/139
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
В.П.Рагойша.
т. 7, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАБІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. syllabe склад),
сістэма вершаскладання, заснаваная на аднолькавай колькасці складоў у паэтычных радках. Характэрна для моў з пастаянным націскам (франц., польскай, чэшскай і інш.). Рытмаўтваральную ролю ў С.в. адыгрывае таксама цэзура і метрычная канстанта. Найб. дасканаласці С.в. дасягнула ў франц. і італьян. паэзіі 11—12 ст. У 15 ст. засвоена польскай л-рай. Бел. С.в. пачало фарміравацца ў пач. 16 ст. Адзін з першых бел. сілабічных вершаў — з прадмовы Ф.Скарыны да кн. «Іоў» (1517):
Богу в троици единому ко чти и ко славе,
Матери его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людем посполитым к доброму научению.
У вершы яшчэ не вытрыманы ўсе адзнакі сілабікі, але ён вызначаецца строгай рэгламентаванасцю радка, выдзяленнем яго сэнсава-інтанацыйных частак паўзамі, спалучэннем радкоў парнай рыфмай. Бел. паэты 16—17 ст. А.Рымша, Я.К.Пашкевіч, Афанасій Філіповіч і інш. ўдасканалілі форму сілабічнага верша, наблізілі яе да класічных узораў. Майстар сілабічнага верша ў бел. паэзіі 1-й пал. 17 ст. — Сімяон Полацкі, творам якога ўласцівы ўсе вызначальныя адзнакі сілабікі:
Паче нетерпимую / смерть себе избрати,
Неже оскверненную / плоть свою предати.
(«Паклёп»).
У 1664 Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву, дзе паклаў пачатак рус. С.в., якое праіснавала да 1-й трэці 18 ст. (выйшла з ужытку ў выніку рэформы В.Традзьякоўскага—М.Ламаносава).
У бел. паэзіі С.в. сустракалася да 19 ст. Сярод яго прадстаўнікоў Я.Баршчэўскі («Дзеванька»), Я.Чачот («Да мілых мужычкоў»), В.Дунін-Марцінкевіч («Халімон на каранацыі»), Ф.Багушэвіч («У судзе») і інш. Бел. сілабічная паэзія 19 ст. вызначалася разнастайнасцю памераў: 15-складовік («Вечарынка» Ф.Тапчэўскага), 14-складовік («Верш Навума Прыгаворкі»), 13-складовік («Ідылія») і 12-складовік («Халімон на каранацыі»; усе Дуніна-Марцінкевіча), 11-складовік («Пакуль новы год настане» Я.Лучыны). Назіралася тэндэнцыя да 7- і 8-складовікаў («Купала» Дуніна-Марцінкевіча). Уплыў рус. сілаба-танічнага верша, а таксама сілаба-танічных форм нар. верша на бел. літ. сілабіку прывёў да яе паступовага адмірання. З канца 19 — пач. 20 ст. бел. С.в. саступіла месца сілаба-танічнаму вершаскладанню і танічнаму вершаскладанню.
Літ.:
Гл. да арт.: Сілаба-танічнае вершаскладанне.
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)