ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.

Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.

Лысуха.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХІЛІ́Д, Бакхілід (Bakchylidës),

старажытнагрэчаскі паэт 5 ст. да н.э. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў харавой мелікі (лірыкі). Родам з в-ва Кеас, таму атрымаў імя В.Кеоскі. Пляменнік і вучань вядомага харавога паэта Сіманіда Кеоскага. Пісаў эпінікіі — гімны ў гонар пераможцаў агульнагрэч. гімнастычных спаборніцтваў (Алімпійскіх, Піфійскіх, Немейскіх, Істмійскіх гульняў). Яго стыль адрозніваецца ад складанага, цьмяна-метафарычнага, асацыятыўнага стылю Піндара выразнасцю, лёгкасцю, празрыстасцю, павольнасцю ў разгортванні тэмы. Дзякуючы вял. эпічным фрагментам міфаў, уключаным у лірычны тэкст, дыфірамбы Вакхіліда нагадваюць балады. Адзін з іх («Тэсей»), пабудаваны ў форме вершаванага дыялогу, дае яскравае ўяўленне пра вытокі грэч. Трагедыі. У 1896 знойдзены фрагменты 14 эпінікіяў і 6 дыфірамбаў Вакхіліда.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Пиндар. Вакхилид. Оды. Фрагменты. М., 1980.

Літ.:

Тронский И.М. Хоровая лирика // Тронский М.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)