ЦЫРЫМО́НІЯ (лац. caerimonia пашана, павага),

прыняты парадак правядзення якога-н. абраду, урачыстасці. У пераносным значэнні Ц. — якое-н. працяглае дзеянне, што здзяйсняецца паслядоўна і метадычна; умоўнасці ў паводзінах, уласцівыя цырымоннаму чалавеку, манернасць.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,

цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял. князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́НА (ад лац. corona вянец, вянок),

1) галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха; адбітак, малюнак падобнага прадмета на гербах, ордэнах і інш. Урачыстая цырымонія ўскладання К. на манарха, які ўступае на прастол, наз. каранацыя.

2) Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Утвараецца гарачай (1—2 млн. К) разрэджанай высокаіанізаванай плазмай. Выяўляецца на адлегласцях да некалькіх дзесяткаў радыусаў Сонца і паступова рассейваецца ў міжпланетнай прасторы.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТУА́Л (ад лац. ritualis абрадавы ад ritus рэліг. абрад, урачыстая цырымонія),

гістарычна сфарміраваная сістэма сімвалічных дзеянняў; састаўная частка традыц. і архаічных культур. Структуру Р. складае строга рэгламентаваная паслядоўнасць актаў, у т. л. вербальных (песнапенні і да т.п.), пазбаўленых утылітарнага сэнсу і накіраваных на ўзнікненне пэўных адчуванняў (рэлігійных, усемагутнасці ўлады, непарушнасці дадзеных абавязацельстваў і інш.). Першапачаткова Р. быў звязаны выключна з рэліг. практыкай; у сучасных грамадствах Р. існуе ў паліт. і сац. практыцы (афіц. ўрачыстасці, дыпламат. цырыманіял і інш.).

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Элізабет (н. 27.2.1932, Лондан),

амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1943. Атрымала вядомасць у фільмах «Месца пад сонцам» (1951), «Рапсодыя» (1953), «Гігант» (1956) і інш. Раскрылася як актрыса псіхал. і драм складу ў фільмах «Кошка на распаленым даху» (1958), «Батэрфілд, 8» (1960, прэмія «Оскар»), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» (1966, «Оскар»), «Бум!» (1968), «Тайная цырымонія» (1969), «Хамерсміт выйшаў на волю» (1972, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Люстэрка трэснула» (1980). Знялася таксама ў фільмах «Клеапатра» (1963), «Камедыянты», «Утаймаванне свавольнай» (абодва 1967), «Сіняя птушка» (СССР—ЗША, 1976) і інш. Выступае на тэлебачанні.

Э.Тэйлар.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАБА́ТА Ясунары (11.6.1899, г. Осака, Японія — 16.4.1972),

японскі пісьменнік. Чл. Яп. АМ (1954). Скончыў Такійскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1921. У пач. 1920-х г. прымыкаў да мадэрнісцкай групы неасенсуалістаў. Першая аповесць «Танцоўшчыца з Ідзу» (1925, экранізацыя 1935) прасякнута гуманізмам. На асаблівасць яго маст. стылю паўплывала эстэтыка дзэн, якая адвяргае ўскладненае ўспрыманне свету і сцвярджае прынцып натуральнасці, адназначнасці (лірычныя аповесці «Вясёлыя дзяўчаты Асакуса», 1929, «Снежная краіна», 1937). У аснове аповесці «Тысячакрылы журавель» (1951) — стараж. чайная цырымонія, узведзеная да ўзроўню сапр. мастацтва. Аўтар раманаў «Стогн гары» (1954), «Старая сталіца» (1961). Нобелеўская прэмія 1968.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1986.

Літ.:

Кавабата Ясунари: Библиогр. указ. М., 1973.

Я.Кавабата.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sacralis свяшчэнны),

наданне прадметам, з’явам, людзям свяшчэннага, рэлігійнага зместу; падпарадкаванне сац. ін-таў, культуры і быт. зносін рэліг. ўплыву. У аснове С. — вера ў існаванне свяшчэннага (сакральнага), процілеглага свецкаму. Сімвалам С. з’яўляецца цырымонія асвячэння, у выніку якой звычайная працэдура набывае трансцэндэнтны сэнс. У тэалогіі С. тлумачыцца як вытворнае ад Бога. Ням. тэолаг Р.​Ота вызначаў сакральнае як адзіную адметную ўласцівасць божага, якая з’яўляецца сапраўдным коранем рэлігіі. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм лічыў, што сакральнае выяўляе натуральна-прыродную аснову чалавецтва, яго грамадскую (калектывісцкую) сутнасць, якая супрацьстаіць індывідуалістычнаму існаванню. На розных этапах гіст. развіцця ступень распаўсюджанасці С. і яе характар былі неаднолькавыя. У ходзе гісторыі працэсам С. супрацьстаяла дэсакралізацыя (секулярызацыя) розных бакоў чалавечага існавання.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),

у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл. Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст. царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ШКРАФТ (Ashcroft) Пегі (сапр. імя Маргарэт; 22.12.1907, г. Кройдан, Вялікабрытанія — 14.6.1991),

англійская актрыса. Ганаровы д-р л-ры Оксфардскага ун-та (1961). Вучылася ў Цэнтр. школе драм. мастацтва ў Лондане. Дэбютавала ў 1926. З 1927 выступала ў т-рах Лондана (у т. л. ў «Олд Вік»), г. Стратфард-он-Эйван. У 1934—40 працавала з рэж. Ф.Камісаржэўскім. Сярод роляў: Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра), Клеапатра («Цэзар і Клеапатра» Б.​Шоу). Наомі («Яўрэй Зюс» паводле Л.​Фейхтвангера), Рэбека («Росмерсхальм» Г.​Ібсена), Ірына («Тры сястры» А.​Чэхава), Алена («Дні Турбіных» М.​Булгакава) і інш. Здымалася ў кіно: «Гісторыя манахіні», «Тайная цырымонія», «Нядзеля, праклятая нядзеля», «Падарожжа ў Індыю» (прэмія «Оскар» 1985), «Забойства па кнізе», «Мадам Сузацка», «Яна знікла прэч» (прэмія Міжнар. кінафестываль) у Венецыі 1989) і інш. Т-р у г. Кройдан носіць яе імя (з 1991).

т. 18, кн. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута), страсці,

рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.​Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.​С.​Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).

Літ.:

Друскин М. Пассионы и мессы И.​С.​Баха. Л., 1976.

Т.​У.​Ліхач.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)