ЦУД,

нешта незвычайнае, што выклікае здзіўленне; у рэлігійных і міфалагічных уяўленнях звышнатуральная з’ява, выкліканая ўмяшаннем божай, незямной сілы. Шматлікія паданні пра Ц. характэрны для ўсіх рэлігій. У т.зв. рэлігіях адкрыцця (хрысціянства, іслам, іудаізм) Ц. лічыцца сведчаннем сапраўднасці божага адкрыцця і доказам усемагутнасці Бога. У пратэстанцкай тэалогіі паняцце «Ц.» набыло шмат інтэрпрэтацый: М.​Лютэр далучаў да Ц. ўсе здзяйсненні, якія адбываюцца ў свеце, сціраючы межы паміж натуральным і цудоўным. Прадстаўнікі Цюбінгенскай школы лічылі ўсе біблейскія паведамленні пра Ц. недакладнымі. Ф.​Шлеермахер абвясціў Ц. рэліг. эквівалентам выпадковасці. Р.​Бультман прапанаваў метад дэміфалагізацыі хрысціянства, згодна з якім хрысц. міфалогія страчвае рысы Ц., а сапраўднае тлумачэнне Ц. бачыў у атаясамленні веры ў Ц. і веры ў Бога.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬТЭРМАН (Altermann) Тэадор Юр’евіч (24.11.1885, в. Равіла, Эстонія — 31.3.1915),

эстонскі акцёр. Творчую дзейнасць пачаў у 1902. Адзін з арганізатараў і акцёр (з 1906) т-ра «Эстонія». Стварыў яркія вобразы Лео Саалепа і Пійбілехта («Няўлоўны цуд» і «Дамавік» Э.​Вільдэ), Барона («Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Атэла, Гамлета (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Ігра Альтэрмана вылучалася майстэрствам пераўвасаблення, унутранага маналога. Як рэжысёр паставіў «Няўлоўны цуд», «Маскарад» М.​Лермантава, «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЧЫ́ЦКІ Нікадзім, бел. мастак 18 ст. Жыў у в. Жыровічы Слонімскага р-на Брэсцкай вобл. У 1750 выканаў абраз «Цуд Георгія аб змеі».

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУСЛА́ЎСКІ (Bogusławski) Войцех (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),

польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес. нац. драм. і муз. т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.​Шэкспір, Мальер, П.​Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.​Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.​Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.

В.Багуслаўскі.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЫ́НСКІ (Każyński) Мацей (1767—29.3.1823),

польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.​Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.​Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.​Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.​Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.​Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.​Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.​Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.​Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.​Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.

М.Кажынскі.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ Вячаслаў Іосіфавіч (н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.​Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ Мікалай Паўлавіч (16.4.1901, Харкаў — 6.9.1968),

рускі рэжысёр і мастак. Нар. арт. СССР (1960). Праф. (1960). Вучыўся ў Новай маст. студыі ў Петраградзе (1915—19). З 1922 тэатр. мастак, рэжысёр. У 1935—49 і з 1955 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра камедыі. Лепшыя спектаклі, якія паставіў і аформіў Акімаў, адметныя тонкай іроніяй, дакладнасцю характарыстык: «Звычайны цуд», «Дракон» Я.​Шварца, «Дон Жуан» Дж.​Байрана, «Стракатыя апавяданні» паводле А.​Чэхава і інш. Аўтар графічных работ (кніжная ілюстрацыя, партрэт, тэатр. афіша).

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СНІК Яўген Якаўлевіч (н. 15.1.1923, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1948). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя К.​Станіслаўскага (да 1954), Сатыры (1954—64), Малым (1964—90). Вострахарактарны акцёр, схільны да сатыры, гратэску. Сярод роляў: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Прысыпкін («Клоп» У.​Маякоўскага), Барон Ленбах («Агонія» М.​Крлежы), Крачко («Дзікі Ангел» А.​Каламійца). Здымаецца ў кіно: «Справа № 306», «Трэмбіта», «Святло далёкай зоркі», «Звычайны цуд», «Новыя прыгоды няўлоўных», «Угрум-рака» (тэлевізійны) і інш.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ (Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якапа (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.​Мантэньі і П.​Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», 1505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

Джавані Беліні. Партрэт дожа Леанарда Ларэдана. Каля 1507.
Джэнтыле Беліні. Цуд святога крыжа. 1500.
Джавані Беліні. Маладая жанчына за туалетам. 1515.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ Канстанты (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.​Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.​Враніцкага, «Ладаіска» Л.​Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані).

Г.​І.​Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)