Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, якія мяняюць сваю свяцільнасць за кароткія прамежкі часу. Бываюць зацьменныя і фізічныя П.з. У зацьменных бляск мяняецца з прычыны паўтаральных зацьменняў у цеснай падвойнай сістэме зорак (гл.Падвойныя зоркі). Фізічныя мяняюць бляск у выніку фіз. працэсаў, што адбываюцца ў самой зорцы, напр., з прычыны пульсацый або выбухаў. Фіз. П.з. бываюць: пульсуючыя (гл.Пульсацыя зорак) і эруптыўныя зоркі.
Літ.:
Цесевич В.П. Переменные звезды и их наблюдение. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́НСТВА,
момант часу, у які цэнтр сонечнага дыска пры сваім бачным гадавым перамяшчэнні па экліптыцы перасякае нябесны экватар. Бывае двойчы на год: вясенняе (20—21 сак.), калі Сонца пераходзіць з паўд. паўшар’я неба ў паўн. (у пункце вясенняга Р.; пачатак вясны ў паўн. паўшар’і Зямлі), і асенняе (23 вер.), калі Сонца пераходзіць з паўн. паўшар’я неба ў паўднёвае (у пункце асенняга Р.; пачатак восені ў паўн. паўшар’і Зямлі).
У час Р. сутачны рух Сонца адбываецца амаль уздоўж нябеснага экватара, у выніку чаго на Зямлі (за выключэннем раёнаў геагр. полюсаў) дзень роўны ночы (адсюль назва). З прычыны прэцэсіі зямной восі пункты Р. зрушваюцца па экліптыцы насустрач бачнаму гадавому руху Сонца прыкладна на 50,3″. У канцы 20 — пач. 21 ст. пункт вясенняга Р. знаходзіцца ў сузор’і Рыбы, а асенняга — у сузор’і Дзева.
Літ.:
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),
з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.
Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз.балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.
Літ.:
Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.