ЗАБЕ́ЛА (Яўген Пятровіч) (н. 12.1.1940, в. Мерашыно Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-ртэхн.н. (1992). Скончыў Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1961). З 1965 у Бел. філіяле Энергет.НДІ (з 1992 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). Навук. працы па надзейнасці энергазабеспячэння, стварэнні і ўкараненні шматканальных і шматузроўневых сістэм энергаўліку і кіравання энергаспажываннем.
Тв.:
О распределении уровней надежности в цепи электроснабжения «источник—потребитель» // Изв. вузов. Энергетика. 1968. № 2;
Отечественный и зарубежный опыт внедрения микропроцессорных систем учета, контроля и регулирования электропотребления. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ від мадуляцыі ваганняў, у выніку якой нясучыя ваганні (гарманічныя ці паслядоўнасць імпульсаў) набываюць выгляд кароткачасовых радыёімпульсаў або паслядоўнасці відэаімпульсаў (гл.Відэасігнал, Імпульс электрычны). Ажыццяўляецца з дапамогай імпульсных мадулятараў. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, гідра- і радыёлакацыі, аптычнай сувязі, радыёсувязі, тэлеметрыі, тэлекіраванні і інш.
Пры І.м. перададзены сігнал можа змяняць розныя параметры зыходнай паслядоўнасці імпульсаў: амплітуду (амплітудна-імпульсная мадуляцыя), зрушэнне імпульсаў у часе без змены іх працягласці (фазава-імпульсная), працягласць імпульсаў (шыротна-імпульсная). Пры імпульсна-кодавай мадуляцыі розным відам перададзенага сігналу адпавядаюць розныя кодавыя групы імпульсаў. У гідра- і радыёлакацыйных прыладах выпрамяняюцца пакеты (акустычныя ці радыёімпульсы) высокачастотных ваганняў канечнай працягласці з агінальнай, якая мае форму відэаімпульсу. Магчыма камбінаванае выкарыстанне І.м. розных відаў.
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Імпульсная мадуляцыя: а — зыходны перадавальны сігнал; б — нясучыя імпульсныя відэаваганні; в — відэасігнал з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй; г — гарманічныя нясучыя ваганні; д — радыёімпульсы з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
кароткачасовае адхіленне эл. напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).
Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tп — перыяд паўтарэння імпульсу.